СМІ: Трамп плануе падпісаць указ аб дэпартацыі за антысемітызм
- 29.01.2025, 21:28
- 5,914
Гутарка ідзе ў тым ліку пра студэнтаў, якія падтрымлівалі ХАМАС.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо сёння, 29 студзеня, можа падпісаць указ аб узмацненні адказнасці за антысемітызм. Адным з варыянтаў пакарання, верагодна, будзе дэпартацыя.
Пра гэта паведамляе New York Post.
Паводле інфармацыі выдання, Трамп сваім указам даручыць усім федэральным агенцтвам вызначыць грамадзянскія і крымінальныя захады барацьбы з антысемітызмам, у тым ліку знайсці спосабы дэпартацыі антыгабрэйскіх актывістаў, якія парушылі законы.
New York Post удакладняе, што кіраўнікі агенцтваў і дэпартаментаў павінны будуць падаць Беламу дому рэкамендацыі цягам 60 дзён, а таксама выкласці планы Міністэрства юстыцыі ў расследаванні графіці і запалохванняў у падтрымку ХАМАС, у тым ліку ў кампусах каледжаў.
Пры гэтым, як пішуць журналісты, указ заклікае да дэпартацыі замежнікаў-рэзідэнтаў – у тым ліку студэнтаў з візамі, – якія парушылі законы падчас антыізраільскіх пратэстаў пасля тэрактаў 7 кастрычніка 2023 года.
Выданне нагадвае, што ў мінулым месяцы шэсць камітэтаў Палаты прадстаўнікоў, якія ўзначальваюць рэспубліканцы, выпусцілі даклад, у якім заклікалі ўрад прыкласці больш намаганняў для барацьбы з антысемітызмам. Сярод іншага прапаноўвалася абмежаваць федэральную дапамогу каледжам, каб прымусіць іх праводзіць больш строгую палітыку супраць антыгабрэйскіх настрояў.
У гэтым дакладзе асаблівая ўвага была аддадзеная Калумбійскаму ўніверсітэту, дзе праходзіў вялікі сход, падчас якога было зафіксавана мноства выпадкаў антыгабрэйскіх выказванняў на адрас як праізраільскіх актывістаў, так і габрэйскіх студэнтаў.