31 студзеня 2025, Пятніца, 0:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лідара беларускай апазіцыі Міколу Статкевіча вылучылі на Нобелеўскую прэмію

13
Лідара беларускай апазіцыі Міколу Статкевіча вылучылі на Нобелеўскую прэмію
МІКОЛА СТАТКЕВІЧ

Ад палітвязня няма ніякіх вестак ужо больш за 700 дзён.

Лідара беларускай апазіцыі і палітвязня Міколу Статкевіча вылучыў на Нобелеўскую прэмію міру літоўскі палітык, дэпутат Еўрапейскага парламента Петрас Аўштравічус.

«Учора заяўка была паспяхова пададзеная. Мікола Статкевіч – даўні лідар беларускіх дэмакратычных сілаў (кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе), які прадаўжае змагацца за вольную і дэмакратычную Беларусь, нягледзячы на асабістую рызыку і небяспечнае для жыцця турэмнае зняволенне. Мікола з’яўляецца сымбалем палітычнага супраціву Лукашэнку і натхняльнікам барацьбы за дэмакратычную будучыню Беларусі.

Мы павінны змагацца за жыцці палітвязняў, вылучэнне кандыдатуры Міколы Статкевіча на Нобелеўскую прэмію – гэта адзін са спосабаў падкрэсліць ягонае становішча і сітуацыю ў Беларусі ў цэлым», – расказаў сайту Charter97.org літоўскі палітык.

Нагадаем, ужо больш за 700 дзён няма ніякіх вестак пра лідара беларускай апазіцыі, палітвязня Міколу Статкевіча.

Палітвязень быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).

Мікола Статкевіч утрымліваецца ў калоніі ў максімальна жорсткіх умовах: палітыка трымаюць у адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікола Статкевіч двойчы перахварэў на COVID-19.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна запатрабавала ад беларускіх уладаў аспрэчыць атрыманую ад некалькіх крыніцаў інфармацыю пра магчымую смерць у турме Міколы Статкевіча.

«Пакажыце Міколу Статкевіча, калі ён жывы, ягонаму самаму блізкаму і роднаму чалавеку – Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне ці хоць бы відэазванок!

У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітвязня», – заявіла Наталля Радзіна.

Да кампаніі «Пакажыце людзям Статкевіча!» далучыўся шэраг еўрапейскіх палітыкаў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках