«Унікальная» ядзерная ракета Пуціна не лятае без украінскіх інжынераў
13- 30.01.2025, 17:18
- 13,380
У Расеі няма неабходных кампетэнцый.
Уладзімір Пуцін неаднаразова выхваляўся міжкантынентальнай балістычнай ракетай «Сармат», аналагаў якой у свеце нібыта няма, і некалькі гадоў абяцаў вось-вось паставіць яе на баявую варту. Пуцінскія прапагандысты пагражалі з дапамогай «Сармата» сцерці з зямлі Вялікую Брытанію і Страсбург, дзе размешчаны Еўрапарламент.
Аднак цэлая серыя выпрабаванняў пацярпела крах: у Расеі няма неабходных кампетэнцый для такога тыпу ракетаў, якімі яшчэ з савецкіх часоў займаліся ўкраінскія канструктарскія бюро, піша The Moscow Times.
РС-28 «Сармат» – стратэгічны комплекс пятага пакалення з цяжкай міжкантынентальнай балістычнай ракетай (МБР) з вадкасным рухавіком; прызначаны для замены савецкіх ракетаў Р-36 «Ваявода», якія ў розных мадыфікацыях выпускаліся з 1970-х гг. Ракеты з рухавіком на вадкім паліве распрацоўваліся пад кіраўніцтвам КБ «Паўднёвае» ў Днепрапятроўску (цяпер КБ «Пiвденне» у Дняпры). «Гістарычна склалася так, што многія заводы і спецыялісты ў вытворчасці МБР былі ва Украіне», – сказаў Business Insider Цімаці Райт, эксперт у ракетах з Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў. У расейцаў жа, паводле ягоных словаў, няма досведу працы з вадкаснымі рухавікамі, і выбар такога для «Сармата» Райт назваў «вельмі дзіўным»: «Гэта тое, што раней для іх рабілі ўкраінцы. У гэтым адна з прычынаў таго, чаму ў іх шмат праблемаў [з новай ракетай]».
Украінскія ракетныя спецыялісты прадаўжалі супрацоўнічаць з Расеяй да 2014 г., калі на загад Пуціна быў анэксаваны Крым і Расея падтрымала сепаратыстаў на ўсходзе Украіны. Пасля гэтага ўсе кантакты паміж краінамі ў ваеннай сферы былі спыненыя. Працы ў распрацоўцы ракеты на змену «Ваяводзе» былі яшчэ ў 2013 г. даручаныя Дзяржаўнаму ракетнаму цэнтру імя Макеева, пасля 2014 г. да яго ж перайшлі функцыі падтрымання ракетаў Р-36 (у якіх таксама вадкасны рухавік) у баявым стане. «Але гэта была часовая пастанова. Запускі спыніліся, а ракеты і боегалоўкі проста праходзілі штогадовую праверку», – пісаў у 2023 г. для Фонду Карнегі эксперт у расейскіх стратэгічных узбраеннях Максім Старчак.