У ЗША апублікавалі звесткі пра ВУП
3- 30.01.2025, 19:41
- 2,938
Самая вялікая эканоміка свету за год вырасла на 2,8%.
Эканоміка Злучаных Штатаў у чацвёртым квартале 2024 года вырасла на 2,3% у пераліку на гадавыя тэмпы. Пра гэта паведаміла Міністэрства гандлю ЗША.
Квартальны рост ВУП найбуйнейшай эканомікі свету быў ніжэйшы за прагназаваныя 2,5% і самым слабым у чацвёртым квартале з 0,6% у 2018 годзе, піша Forbs.
Тэмпы эканамічнага росту ў кастрычніку – снежні 2024 года замарудзіліся ў параўнанні з 3,1% у трэцім квартале. Аднак рэальны ВУП за 2024 год вырас на 2,8% пасля росту на 2,9% у 2023 і 2,5% у папярэднія два гады адпаведна.
Спажывецкія выдаткі выраслі на 4,2%, што з'яўляецца самым высокім паказнікам са студзеня – сакавіка 2023 года і вышэй за 3,7% у ліпені – верасні летась.
Справаздача таксама паказала ўстойлівы інфляцыйны ціск у канцы 2024 года. Індэкс выдаткаў на асабістае спажыванне (PCE) вырас на 2,3% у гадавым вылічэнні мінулага квартала ў параўнанні з 1,5% у трэцім квартале.
Без уліку валацільнасці коштаў прадуктаў харчавання і энэрганосьбітаў так званая базавая інфляцыя PCE склала 2,5% у параўнанні з 2,2% у ліпені – верасні. Гэта толькі другое квартальнае паскарэнне інфляцыі з канца 2022 года.
Дзяржаўныя выдаткі выраслі ў гадавым вылічэнні на 2,5% пасля моцнага росту ў трэцім квартале, які быў абумоўлены выдаткамі на абарону. Рост федэральных выдаткаў знаходзіцца пад пагрозай праз намеры прэзідэнта Дональда Трампа скасаваць шэраг праграмаў.
Экспарт у чацвёртым квартале скараціўся на 0,8%, як і імпарт. У папярэднія тры месяцы іх павышэнне склала 9,6% і 10,7% адпаведна.
29 студзеня Федэральная рэзервовая сістэма ЗША пастанавіла не паднімаць базавую ключавую стаўку, захаваўшы яе на ўзроўні 4,25–4,5% гадавых.