На фронце пад Пакроўскам загінуў 19-гадовы добраахвотнік з Польшчы
7- 30.01.2025, 20:03
- 7,064
Філіп Антосяк пакінуў навучанне ў Кембрыджы і рушыў абараняць Украіну.
Пад Пакроўскам загінуў 19-гадовы паляк Філіп Антосяк, які пакінуў навучанне ў Вялікай Брытаніі і далучыўся добраахвотнікам да падраздзялення ўдарных БПЛА.
Пра гэта паведамляеRMF24.
На фронце пад Пакроўскам загінуў 19-гадовы польскі добраахвотнік Філіп Антосяк, які ваяваў у складзе падраздзялення ўдарных беспілотнікаў у 25-й паветрана-дэсантнай брыгадзе.
Бацькі байца пражываюць у Вялікай Брытаніі. Паводле іх словаў, той пасля заканчэння навучання ў Кембрыджы сказаў, што плануе кар'еру ў брытанскім войску, але потым прызнаўся, што паехаў ва Украіну.
«Ён вельмі ганарыўся тым, што дапамагае людзям тут, у гэтай краіне. Ён заўсёды казаў пра гэта, калі тэлефанаваў нам. У першым лісце, які ён нам напісаў пасля таго, як паехаў ва Украіну, ён прасіў прабачэння, што ўпершыню ў жыцці сказаў нам няпраўду і такім быў ягоны план... Гэта вельмі цяжка для нас, але мы ганарымся нашым сынам», – расказвае бацька юнака Марцін.
30 студзеня з Філіпам Антосякам з ушанаваннямі развіталіся ў Міхайлаўскім залатаверхім саборы ў Кіеве, адкуль працэсія спусцілася на Майдан Незалежнасці. На цырымоніі ўключалі па чарзе гімны Украіны і Польшчы, а труну накрылі сцягамі абедзвюх краінаў. На развітанне прыехалі бацькі юнака, прысутнічалі таксама прадстаўнікі польскага консульства і розных польскіх арганізацый ва Украіне. Бацькам перадалі пасмяротную ўзнагароду для Філіпа ад галоўнага камандзіра УСУ.
Пахаваюць Філіпа ў горадзе Ловіч Лодзінскага ваяводства.