Фінальны матч Кубка Беларусі пройдзе на пабудаваным кітайцамі Нацыянальным стадыёне
4- 30.01.2025, 20:35
- 2,486
Матч павінен прайсці 24 траўня.
Выканкам Беларускай федэрацыі футболу правёў пасяджэнне 30 студзеня, паводле вынікаў паведамляецца, што ўжо ў месяц адкрыцця на пабудаваным кітайцамі Нацыянальным футбольным стадыёне ў Менску пройдзе апошні матч Кубка Беларусі ў футболе.
«Вызначылася і месца правядзення фінальнага матчу “Betera-Кубак Беларусі ў футболе сярод мужчынскіх камандаў сезону 2024/25”. Ім стане Нацыянальны футбольны стадыён, урачыстае адкрыццё якога запланаванае на травень 2025 года», – паведамілі ў АБФФ.
Паводле раскладу матч павінен прайсці 24 траўня.
Таксама на пасяджэнні выканкама высветлілася, калі стартуе новы чэмпіянат Беларусі ў найвышэйшай лізе. Першы тур запланаваны на 13–16 сакавіка.
Нагадаем, Нацыянальны футбольны стадыён на 33 тысячы гледачоў будуецца каля цяперашняга стадыёна «Трактар» на вуліцы Ванеева з 2020 года. Разам з ім узводзілі і басейн міжнароднага класу каля станцыі метро «Маладзёвая», які афіцыйна адкрылі ў лістападзе летась, а з канца снежня ўжо прадаюць абанементы.
У студзені 2023-га стала вядома, што асноўны інвестар Кітай вылучыў на абодва праекты 50 млн даляраў у дадатак да папярэдніх 235 млн.
У канцы жніўня 2024-га паведамлялася, што ўзвядзенне Нацыянальнага футбольнага стадыёна знаходзіцца ў фінальнай стадыі. Паводле пашпарта аб'екта, яго павінны былі здаць у тым жа годзе ў снежні.