У Беларусі змякчаць крымінальнае пакаранне за наркотыкі
7- 30.01.2025, 21:11
- 8,874
Падрабязнасці.
У Беларусі неўзабаве могуць змякчыць пакаранне паводле многіх крымінальных артыкулаў.
На паседжанні другой сесіі «савета рэспублікі» падтрыманы адпаведны законапраект, піша БелТА.
Мэта дакумента – узмацненне гуманізму ў крымінальным заканадаўстве і падтрыманне балансу яго нормаў.
Сярод іншага, перагледжаныя санкцыі паводле некаторых артыкулаў. Цяпер яны ўключаюць альтэрнатыўныя віды пакаранняў, такія як штрафы, арышт, папраўчыя працы і абмежаванне волі.
Прапанавана не прызначаць пазбаўленне волі жанчынам і адзінокім мужчынам, якія маюць на ўтрыманні дзяцей малодшых за 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў.
Рэкамендуецца не накіроўваць у месцы зняволення няпоўнагадовых і інвалідаў першай групы, калі яны здзейснілі злачынства ўпершыню і яно не звязанае з замахам на жыццё і здароўе людзей або экстрэмісцкімі дзеяннямі.
Для шэрагу эканамічных правапарушэнняў таксама прадугледжаны менш строгія захады пакарання.
Змяненні закранулі і артыкулы пра незаконны зварот наркотыкаў. Артыкул 328 КК дапаўняецца альтэрнатывай – арыштам і абмежаваннем волі.
Як паведамляецца, суд зможа разглядаць пытанне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленне асуджаных або замену астатняй часткі пакарання на больш мяккае на хадайніцтва асуджанага або ягонага абаронцы.