У Кітай пачалі тысячамі перасяляцца расейскія прадпрымальнікі, лекары ды інжынеры
9- 31.01.2025, 11:06
- 6,706
Міграцыя звязана з больш высокімі заробкамі і лепшымі эканамічнымі перспектывамі.
Расейскія прадпрымальнікі, кваліфікаваныя спецыялісты, інжынеры, лекары і выкладчыкі ў апошнія гады сталі часцей пераязджаць на сталае месца жыхарства ў Кітай. Міграцыя звязана з больш высокімі заробкамі і лепшымі эканамічнымі перспектывамі.
Да такой высновы прыйшлі даследчыкі Федэральнага навукова-даследчага сацыялагічнага цэнтра (ФНІСЦ) РАН, піша "Независимая газета".
Са звестак сацыёлагаў, галоўным чынам у КНР з'язджаюць жыхары сталічных рэгіёнаў – Масквы і Санкт-Пецярбурга. Аднак значная колькасць расейцаў мігруе таксама з Сібіры і Далёкага Усходу, з Забайкальскага краю, Бураціі, Іркуцкай вобласці, Краснаярскага, Хабараўскага і Прыморскага краю.
Даследчыкі даюць статыстыку, паводле якой у КНР штогод пераязджаюць прыкладна 11 тысяч расейцаў. У 2020 годзе ў Кітаі на пастаяннай аснове пражывалі больш за 16 тысяч расейцаў, паказаў перапіс насельніцтва ў краіне. Аднак на сённяшні дзень, паводле ацэнак экспэртаў, рэальная колькасць расейцаў у КНР можа складаць ад 40 тысяч да 50 тысяч чалавек.
Расейцы, якія пастаянна пражываюць у КНР, імкнуцца да буйных гарадоў з вялікімі рынкамі працы, пішуць даследчыкі. Так, блізу 10 тысяч чалавек жывуць у Пекіне, 5-6 тысяч - у Шанхаі, па 2-3 тысячы - у Харбіне, Гуанчжоу, Урумчы, Ганконгу і Макао. Апроч прадпрымальнікаў і высокакваліфікаваных спецыялістаў у Кітай едуць на навучанне студэнты і пенсіянеры. Апошнія часта адпраўляюцца на "зімоўку" - для сезоннага пражывання ў Кітаі рознай працягласці. Але часам гэта пераходзіць і ў пастаянныя формы міграцыі, гаворыцца ў даследаванні РАН. Пенсіянеры з'язджаюць у Кітай у асноўным з рэгіёнаў Сібіры і Далёкага Усходу.
Пры гэтым у Кітаі таксама пражываюць больш за 2,5 тысячы прадстаўнікоў расейскай нацыянальнасці, у тым ліку нашчадкаў ад шлюбаў з кітайцамі. Большасць з іх знаходзяцца ў гарадах Ілі і Тачэн у Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, Памежнае ў правінцыі Хэйлунцзян, Ээргун у аўтаномным раёне Унутраная Манголія. Асабліва вылучаецца Эньхэ - Расейская воласць, дзе тытульнай нацыянальнасцю з'яўляюцца расейцы, адзначаюць сацыёлагі. На іх думку, рускамоўныя супольнасці "могуць стаць праваднікамі расейскіх інтарэсаў і садзейнічаць развіццю міждзяржаўных дачыненняў" Расеі і Кітая.