31 студзеня 2025, Пятніца, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль адхрысціўся ад праекту «валюты БРІКС» пасля вокрыку Трампа

16
Крэмль адхрысціўся ад праекту «валюты БРІКС» пасля вокрыку Трампа

Апраўдвацца перад прэзідэнтам ЗША даручылі Пяскову.

Праект адзінай валюты БРІКС, які Крэмль прасоўваў з 2022 года, абяцаючы скончыць з гегемоніяй даляра, цяпер не рэалізуецца.

Пра гэта на брыфінгу ў пятніцу заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы пагрозу Дональда Трампа абкласці 100-адсоткавымі мытамі краіны БРІКС, калі тыя адмовяцца ад даляра ў гандлі.

Стварэнне новых фінансавых платформ у БРІКС "не вялося і не вядзецца", заявіў Пяскоў. Ён дадаў, што экспэртам трэба "больш падрабязна" растлумачыць Трампу "парадак дня БРІКС".

Аб намеры стварыць "міжнародную рэзервовую валюту" на аснове кошыка валют БРІКС прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў у чэрвені 2022 года. Ён абвінаваціў улады Захаду ў "безадказнай" макраэканамічнай палітыцы, "уключаючы запуск варштатнага станка, бескантрольную эмісію і назапашванне незабяспечаных пазык". Кіраўнік МЗС РФ, Сяргей Лаўроў праз паўгода пацвердзіў, што праект адзінай валюты будзе сур'ёзна абмяркоўвацца дзяржавамі-сябрамі блока. "Сур'ёзныя паважаныя краіны выдатна разумеюць, што пастаўлена на карту", – сказаў ён.

На саміце БРІКС у Казані ў кастрычніку 2024 года Пуцін прадэманстраваў купюру меркаванай валюты, заявіўшы, што надрукаваў яе "нехта з нашых". Аднак пераканаць краіны БРІКС Крамлю не ўдалося.

Індыя не жадае дапускаць ператварэнне БРІКС у "антыамерыканскую" арганізацыю, дзе дамінавалі б Расея і Кітай, распавялі Bloomberg індыйскія чыноўнікі, знаёмыя з пытаннем. Пазіцыю Нью-Дэлі, са слоў суразмоўцаў агенцтва, падзяляюць Бразілія і ПАР.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, якія ўступілі ў БРІКС па выніках саміту-2023, "цалкам адпрэчваюць" спробы падаць сяброўства ў блоку як знак таго, што Глабальны Поўдзень знаходзіцца ў апазіцыі да Захаду, казала крыніца Bloomberg. У ААЭ вельмі добрыя стасункі з заходнімі краінамі, у тым ліку ЗША, падкрэсліў іншы чыноўнік краіны.

Сустрэчу міністраў фінансаў і кіраўнікоў Цэнтрабанкаў БРІКС у Маскве, дзе Крэмль прасоўваў стварэнне альтэрнатыўнай даляру аплатнай сістэмы, ключавыя краіны-сябры проста праігнаравалі. Кітай, Індыя і ПАР даслалі на яе замест міністраў іх намеснікаў і малодшых службоўцаў, пісаў Reuters.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках