У Расеі падарвалі камандзіра, які мае дачыненне да забойства цывільных украінцаў
23- 4.01.2025, 17:44
- 19,200
Яго падраздзяленне нанесла ўдар па кавярні ў вёсцы Граза.
У выніку выбуху ў расейскай воінскай часці ў крытычным стане аказаўся капітан Канстанцін Нагайка, які мае дачыненне да ваенных злачынстваў супраць Украіны. Яго падраздзяленне нанесла ўдар па кавярні ў вёсцы Граза, дзе загінула 59 цывілаў.
Пра гэта паведамляе Telegram-канал Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны.
Разведка паведаміла, што ў пятніцу, 3 студзеня, у населеным пункце Шуя Іванаўскай вобласці Расеі адбыўся выбух, у выніку якога ў крытычным стане аказаўся камандзір батарэі дывізіёна 112-й ракетнай брыгады 1-й танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі УС РФ капітан Нагайка.
Паводле звестак ГУР, Нагайка непасрэдна ўдзельнічаў у поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Больш за тое, ён датычны да ўдараў балістычнымі ракетамі «Іскандэр» па цывільным насельніцтве і вайсковых аб'ектах у Сумскай і Харкаўскай абласцях.
«Між іншым, падраздзяленне Нагайка ўчыніла ваеннае злачынства ў вёсцы Граза Купянскага раёна - 5 кастрычніка 2023 года нанесла ракетны ўдар па кавяні падчас памінак. Тады загінула 59 цывільных украінцаў, сярод іх - васьмігадовы хлопчык», - адзначылі ў ГУР.
У выніку выбуху, які адбыўся ў яго вайсковай часці, Нагайка атрымаў множныя аскепкавыя раненні, у тым ліку мозгу, праз чаго яму зрабілі трэпанацыю чэрапа. Стан 29-гадовага афіцэра крытычны, і ў расейскай ракетнай брыгадзе існуе меркаванне, што шанцаў на выжыванне ў яго амаль няма.
ГУР МА Украіны нагадала, што кожнае ваеннае злачынства супраць украінскага народа не застанецца бяскарным.
«За кожнае злачынства будзе справядлівая адплата», - падкрэслілі ў разведцы.