Ці чакаць маразы і снег на праваслаўныя Каляды?
8- 4.01.2025, 22:31
- 9,364
Прагноз надвор'я на тыдзень.
Беларусаў на наступным тыдні чакае частая змена надвор'я праз высокую актыўнасць атлантычных цыклонаў. Тэмпература будзе на адзін-тры градусы цяплейшая, чым трэба па клімаце, паведаміў сіноптык Дзмітры Рабаў у эфіры дзяржТВ.
У пачатку тыдня надвор'е будуць задаваць атмасферныя франты, якія прыйдуць да нас з захаду і паўднёвага захаду Еўропы. «Чакаецца воблачнае з невялікімі праясненнямі надвор'е. У большасці рэгіёнаў краіны не абыдзецца без снегу, мокрага снегу. У асобных раёнах - туман, слабы галалёд», - распавёў Рабаў.
Слупкі тэрмометраў будуць паказваць уначы ў панядзелак ад -1⁰С да -6⁰С, у аўторак - блізу 0⁰С. Удзень у панядзелак чакаецца ад -4°С на паўночным усходзе да +3°С на паўднёвым захадзе, у аўторак - да +4°С.
У сярэдзіне тыдня ўмовы надвор'я стане вызначаць атлантычны цыклон, цэнтр якога - над Балтыйскім морам. Прагназуецца пераважна воблачнае з праясненнямі надвор'е. «Ападкі пройдуць на большай частцы тэрыторыі краіны. Вільготнасць - да 80%. Вецер будзе ўмераны», - паведаміў Рабаў. Удзень у сераду чакаецца ад +1⁰С да +4⁰С.
У другой палове тыдня рэзкіх змен у надвор'і не прагназуецца. Амаль ва ўсіх рэгіёнах пройдуць ападкі. Вецер застанецца ўмераным, вільготнасць павысіцца да 90%. Уначы чакаецца ад 0°С да мінус 6°С. Удзень у чацвер тэмпература паветра прагназуецца блізу 0°С, у пятніцу - ад 0°С да +5°С.
Выходныя дні праз уплыў вобласці высокага атмасфернага ціску будуць без істотных ападкаў. Уначы, паводле прагнозаў сіноптыкаў, чакаецца -1⁰С… -6⁰С, у сярэдзіне дня ў суботу тэмпература паветра складзе ад -1⁰С на паўночным захадзе да +6⁰С на паўднёвым усходзе, у нядзелю – ад +2⁰С у Гомелі да -4⁰С у Віцебску.