Арына Сабаленка ўпершыню перамагла на турніры ў Брысбэне
13- 5.01.2025, 12:31
- 3,434
У фінале беларуска з цяжкасцю падолела расейку Паліну Кудэрметаву.
Арына Сабаленка перамагла ў першым турніры 2025 года. У фінале спаборніцтваў катэгорыі WTA-500 у аўстралійскім Брысбэне беларуска з цяжкасцю перамагла расейку Паліну Кудэрметаву — 4:6, 6:3, 6:2.
Першая ракетка свету ў Брысбэне не сустрэлася з аніводнай прадстаўніцай топ-15 рэйтынгу. Да вызначальнага паядынку Арына, нагадаем, перамагла мексіканку Рэнату Сарасуа (75-ы нумар агульнай класіфікацыі) — 6:4, 6:0, прадстаўніцу Казахстана Юлію Пуцінцаву (29) — 7:6, 6:4, чэшку Мары Боўзкаву (44 ) — 6:3, 6:4 і расейку Міру Андрэеву (16) 6:3, 6:2.
А ў фінале беларусцы супрацьстаяла 107-я ракетка Паліна Кудэрметава з Расеі, якая ўпершыню ў кар'еры дабралася да гэтай стадыі турніру пад эгідай Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Відавочна, Сабаленка была безумоўнай фаварыткай матчу.
Ужо ў трэцім гейме Арына здабыла брэйкавы бал. Кудэрметава рэгулярна здзяйсняла падвойныя памылкі. Зрэшты, і Сабаленка не была бездакорная на сваёй падачы - у сярэдзіне партыі расейка адыгралася (3:3). Беларуска відавочна не чакала такога спрыту ад спаборніцы і занэрвавалася. Пры ліку 4:5 першая ракетка зноў дазволіла Паліне зрабіць брэйк і забраць сэт.
У другой партыі Арына ўзяла гейм на чужой падачы пры ліку 2:2. На гэты раз Кудэрметава не змагла адказаць тым жа - 6:3 на карысць лідаркі рэйтынгу. У трэцім сэце беларуска дамінавала з самага пачатку, не даўшы ўсумніцца ў сваёй перавазе - 6:2.
Сабаленка ўпершыню перамагла ў Брысбэне, што прынесла ёй 192 тысячы даляраў у якасці прызавых (да выліку падаткаў). Гэта яе 18-ты тытул у кар'еры ў адзіночным разрадзе.