«Фіцо конча спудлуе»
13- 7.01.2025, 12:44
- 19,534
Як Славакія пратэстуе супраць прарасейскага прэм'ера.
У Славакіі пачаліся пратэсты з-за паездкі прэм'ера Робэрта Фіцо ў Маскву. Як развіваецца сітуацыя? Ці ёсць небяспека для прарасейскага кіраўніка ўрада Славакіі?
Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў са славацкім палітолагам і прэзідэнтам Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Грыгорыем Мясежнікавым.
- Пакуль прайшлі два мітынгі, першы быў 23 снежня, другі быў 3 студзеня, і вось на гэтым тыдні, 10 студзеня, запланаваныя мітынгі і ў іншых гарадах Славакіі. У Браціславе праходзяць гэтыя мітынгі на адной з галоўных плошчаў горада, на Плошчы Свабоды, якраз перад будынкам ураду.
У другім мітынгу ўзялі ўдзел 4000 чалавек. Я думаю, што колькасць удзельнікаў будзе расці. Гэтыя мітынгі арганізоўвае грамадзянская ініцыятыва "Мір для Украіны". Гэта ініцыятыва, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, яе прадстаўнікі ездзяць ва Украіну, прывозяць туды гуманітарную дапамогу, сустракаюцца з украінцамі. То бок, гэта ўжо даволі вядомая арганізацыя.
Што тычыцца агульнага настрою ў Славакіі, то апазіцыйныя партыі рэзка крытыкуюць урад, асабліва Робэрта Фіцо, за яго выказванні, дзеянні, тую ж паездку ў Маскву. Усе яго дзеянні называюць здрадай, здачай краіны крываваму дыктатару, агрэсару, адыходам ад празаходняй лініі ў замежнай палітыцы. То бок, апазіцыйная частка грамадства рэагуе на гэта даволі рэзка і актыўна.
Калі казаць пра выбарцаў цяперашняй урадавай кааліцыі, асабліва галоўнай урадавай партыі «СМЕР», то з іх боку пакуль, шчыра кажучы, я не заўважыў, каб нехта актыўна Фіцо падтрымліваў, і крытыкі таксама, зразумела, няма. Я думаю, што яны, напэўна, сыходзяцца з Фіо ў ацэнцы падзей у свеце, таму што Робэрт Фіцо вядомы як прарасейскі палітык ужо даўно, і большая частка яго выбарцаў, фактычна з гэтым згодная.
Аналізуючы, якім чынам гэта паўплывае на агульную сітуацыю з пункту гледжання прапорцыі сіл у парламенце і нейкіх зрухаў, дапусцім, на палітычнай сцэне, то я думаю, што гэта можа ўсё прыкласціся да той крытыкі, з якой зараз сутыкаецца ўрад у сацыяльна-эканамічных пытаннях. Так што гэта для апазіцыі такая (гэта можа крыху цынічна гучаць) зручная нагода, таму што апазіцыя з самага пачатку крытыкуе ўрад за яго дзеянні і ў сацыяльна-эканамічнай галіне, і ў галіне палітычнай дэмакратыі.
Гэтыя маніфестацыі, якія, мяркуючы з усяго, будуць працягвацца, могуць стаць калі не трыгерам, дык як мінімум узмацніць пазіцыі апазіцыйных партый. Калі не адбудзецца ніякіх змен (а я думаю, што яны не адбудуцца), гэтыя тэмы будуць накладвацца адна на іншую. То бок, гэта і замежнапалітычныя пытанні, і здрада ў дачыненні да заходняга курсу, і супрацоўніцтва з Расеяй, і іншае — усё гэта будзе камбінавацца з крытыкай палітыкі ўлады ў іншых галінах.
- Фіцо ў сваёй перадвыбарнай кампаніі абяцаў славакам танны газ. Цяпер жа кошты відавочна пойдуць у ўверх. Наколькі гэта ўдарыць па пазіцыях славацкага прэм'ера?
- У прынцыпе, усё, што ўплывае на матэрыяльнае становішча грамадзян, агулам мае вялікае значэнне, асабліва менавіта ў тым выбарчым сегменце, які імкнецца да партый такога тыпу, якія цяпер ва ўрадзе. Але трэба сказаць, што сітуацыя ўсё ж не выглядае настолькі драматычнай, каб тут неяк рэзка выраслі кошты. Пакуль была прынятая пастанова, што ў 2025-м годзе цэны на газ і на электраэнергію, гэта значыць усё, што звязана з энэргетычнымі пытаннямі, будуць з падачы ўрада замарожаныя рэгулятарам, які займаецца пытаннямі цэнаўтварэння на такія пастаўкі.
Насамрэч запасаў газу ў Славакіі пакуль дастаткова, гэта значыць у найбліжэйшай будучыні, я думаю, кошты на газ усё ж не вырастуць. Яны, вядома, могуць падняцца з прычыны нейкіх закупак з альтэрнатыўных крыніц, але тут кошты могуць падвышацца не толькі на газ. У Славакіі тры месяцы таму быў ухвалены пакет эканамічнай фінансавай кансалідацыі, дзе былі падвышаны падаткі на пэўныя прадукты і тавары, таму сёлета ў цэлым будуць падвышацца цэны на многія тавары шырокага спажывання, на прадукты. Гэта ўсё будзе адбівацца на матэрыяльным становішчы грамадзян.
Тут варта адзначыць, што Фіцо, вядома, з'яўляецца вялікім майстрам папулізму, ён нават сам сябе неяк назваў сусветным чэмпіёнам у папулізме. Хутчэй за ўсё, калі сапраўды пачнуць расці кошты газу, то ён будзе вінаваціць у гэтым апазіцыю, Украіну, асабіста Зяленскага, Еўразвяз і нават Захад як цэлае, што гэта ўсе яны, што яны не дапамаглі Славакіі. Фіцо будзе казаць, што ён спрабаваў вызначыцца, у тым ліку і калі паехаў у Маскву сустракацца з Пуціным. Так што тут з ягонага боку ёсць пэўны вагар, як падзейнічаць на настроі сваіх выбарцаў. Я думаю, на жаль, што значная частка яго электарат4 прыме гэты аргумент.
- Фіцо пагражаў украінскім уцекачам, што ён абрэжа сацыяльныя выплаты. На што яшчэ можа пайсці кіраўнік ураду Славаччыны?
- Ён абяцаў, што Славакія нібы перастане пастаўляць электраэнэргію Украіне, і хоць тэарэтычна гэта выключыць немагчыма, гэта будзе, вядома, звязана з сур'ёзнымі наступствамі. Цяпер складана сказаць, пойдзе Фіцо на гэта ўрэшце ці не, бо, па-першае, электраэнергію Украіне Славакія пастаўляе не толькі за кошт вытворчасці на дзяржаўных электрастанцыях, ёсць яшчэ і прыватныя кампаніі, якія гэтым займаюцца. То бок незразумела, якім чынам ён гэта ўсё будзе рабіць, якім чынам увогуле ўрад будзе ўмешвацца ў прыватны бізнэс, бо ўжо ўсё ж такі падпісаныя кантракты.
І яшчэ, я думаю, гэта найважнейшае, такая пастанова будзе супярэчыць еўрапейскім нормам. Гэта значыць, Фіцо, калі паспрабуе перакрыць пастаўкі электраэнергіі Украіне, думаю, можа нарвацца на дадатковы канфлікт з Еўразвязам, а яму наўрад ці гэтага хацелася б. Так што тут мне ўсё ж здаецца, што ён не прыме самых радыкальных захадаў. Але паўтараю, цалкам гэтага выключыць нельга
Што да скарачэння дапамогі ўцекачам, то тут, я думаю, гэта больш маральнае пытанне. Зноў-такі, якім чынам ён гэта ўсё зробіць? Тут ён таксама можа ўвайсці ў супярэчнасць з Еўрапейскім Звязам і канчаткова стаць амаральным выгнанцам.
Дарэчы, вяртаючыся да магчымага спынення паставак электраэнергіі ва Украіне, варта адзначыць, што Польшча і Румынія ўжо заявілі, што яны ў такім выпадку падтрымаюць Украіну. Гэта значыць тут, як гаворыцца, Фіцо конча спудлуе, бо гэта ўсё скароціць даход у дзяржбюджэт. Падаткі паступаюць і ад дзяржаўнай кампаніі ў тым ліку, таму тут будуць пэўныя складанасці. А грошы папуліст Фіцо лічыць умее.
Цяжка сказаць, што яшчэ можа Фіцо зрабіць, якім чынам можа яшчэ нашкодзіць Украіне. Ён можа, напрыклад, на ўзроўні Еўразвязу прапіхваць нейкія пастановы, якія будуць не на карысць Украіны. Ці наадварот блакаваць пастановы, якія будуць на карысць Украіны. У гэтым ён, у прынцыпе, ужо даўно быў заўважаны.
Хоць раней Фіцо не быў такі радыкальны, як Віктар Орбан, але сваімі паводзінамі ў апошнія некалькі тыдняў, у тым ліку і паездкай у Маскву, ён ужо Орбана выперадзіў. Фіцо ўжо ўспрымаецца як такі траянскі конь Расеі ў Цэнтральнай Еўропе і Еўразвязе.