8 студзеня 2025, Серада, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ян Маліцкі: Як мінімум адзін са злачынцаў быў «з усходу»

Ян Маліцкі: Як мінімум адзін са злачынцаў быў «з усходу»

Дырэктар праграмы Каліноўскага расказаў аб нападзенні на яго ў Варшаве.

У канцы снежня ў Варшаве невядомыя напалі на кіраўніка Цэнтра і дырэктара стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага Яна Маліцкага, з траўмамі галавы ён трапіў у шпіталь.

Цяпер прафесар аднаўляецца, ён распавёў Rzeczpospolita аб тым, што адбылося і з чым гэта можа быць звязана, а таксама сваіх далейшых планах.

Ян Маліцкі расказаў, што напярэдадні нападу ён быў на сустрэчы, яна скончылася позна. Пасля мерапрыемства мужчына пайшоў праз дрэнна асветлены Казіміраўскі парк. З кустоў да яго выйшлі два мужчыны ў форме, падобнай на паліцэйскую, і прафесар падумаў, што гэта праваахоўнікі.

«Адзін з іх спытаў мяне, як мяне клічуць. Я падумаў, што паліцыянт мае права выйсці нават з-за кустоў і задаць пытанні. Калі б не гэтая форма, я б, мусіць, паскорыў крок і пайшоў далей. Але ў гэтай сітуацыі я адказаў. Пасля гэтага я нічога не памятаю. Я апрытомнеў на насілках хуткай дапамогі а 22.41. Я ляжаў на ходніку 20 хвілін. У гэтым месцы была вялізная лужына крыві. Я не ведаю, хто выклікаў хуткую», - паведаміў Ян Маліцкі.

У прафесара была сур'ёзная траўма галавы: пералом чэрапа, дзве гематомы і страсенне мозгу. У яго была часткова страчаная памяць, але ўвесь час адбываецца паляпшэнне.

Ян Маліцкі мяркуе, што прынамсі адзін з тых, хто нападаў быў «з усходу» — магчыма, з Беларусі ці Украіны. Да такіх высноў ён прыйшоў пасля таго, як успомніў якім чынам «паліцэйскі» фармуляваў фразы пры размове з ім - яны не характэрныя для палякаў. Прафесар перакананы, што гэта не быў хуліганскі напад - у яго не ўзялі грошы і тэлефон, таксама ён упэўнены, што яго не хацелі забіваць. Мужчын, якія напалі на прафесара, не знайшлі.

«Магчыма, гэта была атака, закліканая запалохаць мяне, Цэнтр і, магчыма, беларускую эміграцыю ў Польшчы. Тым больш, што будзе чарговая буйная фальсіфікацыя», - сказаў прафесар.

Маліцкі адзначыў, што здарэнне мала што зменіць для яго самога:

«Калі я выжыў, дык не дзеля таго, каб замкнуцца ў кабінеце. Я не баюся, таму я мушу рабіць сваю справу. Але пасля таго, праз што мне давялося прайсці, я буду значна асцярожнейшы. <…> Я не нясу адказнасці за іншых, але не чакаю, што беларуская, украінская, расейская ці якая-небудзь іншая эміграцыя ў Польшчы спалохаецца. Яны таксама будуць далей рабіць тое, што робяць».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках