Лукашэнка баіцца салютаў?
11- 8.01.2025, 15:35
- 8,238
Беларуска вылучыла жартоўную версію забароны піратэхнікі ў нашай краіне.
- Адсвяткавалі Каляды і Новы год. Так-сяк перажылі салюты. Я, жыхарка сталіцы, вельмі не люблю менавіта навагоднюю ноч, бо пакутую ад гэтых выбухаў не столькі я, як мой сабачка, - падзялілася ў лісце ў рэдакцыю чытачка сайта Charter97.org:
І калі ў мяне пытаюцца, як я сустрэла Новы год, то я адказваю, што ўсю ноч прасядзела-праляжала ў абдымках са сваім чатырохлапым гадаванцам. Гарошак вельмі баіцца феерверкаў, пачынае дрыжаць і скуголіць, ціснецца да мяне. Ды і тыдзень пасля Новага года ён не вельмі любіць хадзіць у двор, асцерагаецца выбухаў.
Я як аматарка жывёлы - супраць салютаў, бо ведаю, што не толькі ў майго сабачкі такія праблемы. Тым часам пакутуюць не толькі свойскія, але і дзікія жывёлы. Пасля Новага года чытаю навіну, што ў Беларусі забаранілі піратэхнічныя вырабы, бо 15 чалавек падчас святкавання атрымалі траўмы.
Я ўздыхнула з палёгкай, мне радасна. Сяджу, разважаю над гэтым пытаннем. Няўжо ў нас так клапоцяцца пра бедных жывёл? Беларуская дзяржаўная сістэма ніяк не цягне на "самую гуманную ў свеце".
Але прыходжу да зусім іншай думкі, што таксама, як мой сабака, недзе ў навагоднюю ноч сядзеў і калаціўся вусаты дыктатар, бо яму кожны салют здаваўся «Шахедам» ці бомбай. І ён дрыжаў, прымаў заспакаяльныя сродкі, а ўсё роўна дрыжаў, можа, нават правёў гэтую навагоднюю ноч у бункеры.
Афіцыйныя ж салютныя шоў у Менску ўжо не праводзяцца некалькі гадоў, а тут адным сваім указам пазбавіцца ад страху бамбавання салютамі простымі беларусамі.
Мой сабака будзе рады, а дыктатар наўрад ці, бо мае безліч іншых страхаў.
А салюты, нягледзячы на асцярогі, былі і а 23.34, бо людзі памятаюць пра нявінна асуджаных. Ну і, канешне ж, яшчэ будуць.
Бо хочацца верыць, што новы 2025 год падорыць нам нарэшце свабоду, якую адсвяткуем як мае быць — з салютамі і шампанскім.