У 50 гадоў памёр былы ахоўнік Лукашэнкі
11- 8.01.2025, 17:23
- 23,026
За апошнія два гады гэта не першая раптоўная смерць экс-спецназаўца.
Напярэдадні Новага года ва ўзросце 50 гадоў памёр былы супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі (в/ч 01549), ветэран спецназа МУС Канстанцін Цюшэўскі, даведаўся mayday.team.
Як паведамляецца, Канстанцін Цюшэўскі нарадзіўся ў сталіцы Таджыкістана Душанбэ, куды яго сям'я раней пераехала з літоўскага Коўна.
Ён скончыў Акадэмію МУС у Менску, потым цэнтр спецпадрыхтоўкі, а апошнім часам быў вядомы як трэнер у кулявой стральбе нацыянальнай каманды Стралковага саюза Расеі.
За апошнія два гады гэта не першая раптоўная смерць экс-спецназаўца. Так, раней ва ўзросце 59 гадоў памёр Мікалай Кашыраў, адзін з заснавальнікаў і намеснік камандзіра па баявой падрыхтоўцы атрада Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР).
Таксама на 55-м годзе жыцця памёр адзін з першых «крапавых берэтаў», інструктар у рукапашным баі в/ч 3214, падпалкоўнік запасу Андрэй Жукоўскі, які пасля расфармавання віленскай 42-й канвойнай дывізіі МУС СССР зрабіў кар'еру ў Беларусі, а да 2020 года выкладаў у акадэміі МУС.
У 49 гадоў таксама памёр падпалкоўнік запасу спецпадраздзялення «Алмаз» Іван Бяляснікаў, які ў 2004 годзе быў узнагароджаны медалём «За адвагу».
А ў чэрвені мінулага года ў Расеі загінуў ад выбуху гранаты былы спецназавец з Магілёва Юрый Міхайлаў. Яму было ўсяго 47 гадоў, у 1995-1996 гадах ён праходзіў тэрміновую службу ў 1-й роце спецпрызначэння в/ч 3214 (Уручча) у званні старшыны.