Ужо 700 дзён нічога не вядома пра Мікалая Статкевіча
26- 9.01.2025, 23:17
- 12,824
Што адбываецца з лідарам беларускай апазіцыі?
Сёння роўна 700 дзён няма ніякіх вестак пра лідара беларускай апазіцыі, палітвязня Мікалая Статкевіча.
Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт.293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
З пачатку ліпеня 2022 года - з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі - у яго было 23 спагнанні. Як мінімум 9 разоў ён трапляў у ШІЗА - на тэрміны ад 7 да 10 дзён. Новы год палітвязень сустрэў у ШІЗА.
Мікола Статкевіч утрымліваецца ў калоніі ў максімальна жорсткіх умовах: палітыка трымаюць у адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікола Статкевіч двойчы перахварэў на COVID-19.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна запатрабавала ад беларускіх уладаў зняпраўдзіць атрыманую ад некалькіх крыніц інфармацыю аб магчымай смерці ў турме Мікалая Статкевіча.
«Пакажыце Мікалая Статкевіча, калі ён жывы, ягонаму самаму блізкаму і роднаму чалавеку - Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне ці хаця б відэазванок!
У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітвязня», - заявіла Наталля Радзіна.
Да кампаніі «Пакажыце людзям Статкевіча!» далучыўся шэраг еўрапейскіх палітыкаў.