«Ёсць толькі адзін спосаб перамагчы Пуціна надоўга»
1- 1.02.2025, 9:46
- 10,154
Меркаванне віцэ-маршала Брытаніі.
Віцэ-маршал каралеўскіх ВПС Вялікай Брытаніі ў адстаўцы і вайсковы аналітык Sky News Шон Бэл у эксклюзіўным інтэрв'ю «24 Каналу» расказаў пра адзіны спосаб перамагчы Пуціна надоўга.
– Дональд Трамп заявіў, што Уладзімір Зяленскі хоча заключыць пагадненне, але прэзідэнт ЗША не ўпэўнены, ці захоча яго Пуцін. На вашую думку, чаму такі акцэнт робіцца менавіта на гатоўнасці прэзідэнта Зяленскага ўрэгуляваць вайну?
– Думаю, што мы павінны быць асцярожнымі. Трамп зарабіў сваю маёмасць на заключэнні ўгодаў, на нерухомасці і ведае, што ўгода павінна адбыцца. Гэта тое, што ён робіць з амерыканскай замежнай палітыкай. Трамп робіць гэта шматлікімі заявамі, якія звяртаюць увагу, і некаторымі ўказамі, якія падпісаў у першы тыдзень знаходжання на пасадзе. Фактычна ён гаворыць, што гэтая вайна нікому не на карысць і нам трэба пакласці ёй канец.
Трамп хоча спыніць вайну ва Украіне, хоча мець гэтае дасягненне ў сваім рэзюмэ. Праблема заключаецца ў тым, што калі вы не развяжаце глыбінныя праблемы, не гарантуеце бяспеку для Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве, не дасце зразумець, што Пуцін будзе пакараны, то небяспека ў тым, што ж будзе далей?
– Дональд Трамп павінен дапамагчы Украіне весці перамовы з Расеяй з пазіцыі сілы?
– Думаю, гэта залежыць ад таго, якой павінна быць пазіцыя сілы. Як вайсковец, я не веру, што санкцыі развяжуць праблему. Пуцін павінен думаць, што ён моцна пацерпіць, калі будзе прадаўжаць вайну, а адзіны спосаб гэта зрабіць – увесці войскі ва Украіну.
Заходняя авіяцыя будзе першым выбарам, бо яна абсалютна будзе дамінаваць над Расеяй. У Расеі не было б на гэта адказу. Украіна выдатна спраўляецца, але вельмі цяжка весці сучасную вайну без прыкрыцця з паветра. Таму, я мяркую, калі прэзідэнт Трамп сапраўды хоча пакласці канец гэтай вайне і прымусіць Пуціна сесці за стол перамоваў, ваеннае ўмяшанне – шлях да гэтага.
Ці гатовы ён пагражаць гэтым? Было б цікава паглядзець, што скажуць ягоныя дарадцы. Я не бачу ў ЗША жадання да ўступлення ў вайну, але адзіная мова, якую разумее Пуцін – гэта мова ваеннай пагрозы. Мне падаецца, Захад павінен увесці свае сілы ва Украіну. Пуцін можа спыніцца, таму што яму так выгадна, але ці спыніць гэты ягоны паўторны напад – іншае пытанне.
– Гэта значыць, вы ўпэўненыя, што толькі закрыццё неба заходнімі сіламі дапаможа Украіне весці перамовы з Расеяй з пазіцыі сілы?
– Я не кажу, што толькі гэта. Я вельмі спадзяюся, што Пуціна пасадзяць за стол перамоваў без ужывання якой-небудзь сілы, але мяне непакоіць, што калі вы пагледзіце на сітуацыю з перамоўнай пазіцыі, то ў Зяленскага не надта атрымліваецца «згуляць» на гэтых перамовах, у той час як Пуцін трымае большасць «тузоў» у сваіх руках.
Як стварыць больш балансу, каб былі змястоўныя перамовы, дзе абодва бакі ідуць на кампрамісы і ўрэшце забяспечваецца мір? Не думаю, што гэта можа адбыцца без вайсковага ўмяшання. І закрыццё неба – мабыць, найменшая рызыка, але самы відавочны спосаб, каб гэта зрабіць.
– А які, на вашую думку, можа быць найбольш рызыкоўны варыянт? Напрыклад, калі Дональд Трамп пойдзе ва-банк і скажа, што хацеў бы, каб Украіна насамрэч перамагла ў гэтай вайне.
– Не ўпэўнены, што ёсць такая рызыка. Урэшце рызыка, пра якую людзі ўвесь час кажуць – гэта пагроза пачатку ядзернай вайны, але сумняваюся, што гэта ляжыць на стале. Людзі ўжо забыліся. А я служыў у войску ў часы халоднай вайны, мы жылі пад пагрозай ядзернай вайны – гэта агідна.
Ядзерная зброя жахлівая, але само яе існаванне азначае, што яна будзе ўзаемна ўжытая, таму я ўпэўнены, што Расея нічога не атрымае, справакаваўшы ядзерную вайну. Тое, што Захад павінен зрабіць, – гэта адказваць Пуціну. Несумненна, гэта выкліча эскалацыю, але я ўпэўнены, што калі вы не паводзіце сябе агрэсіўна з такімі людзьмі, як Пуцін, то мы зноў будзем мець паўтарэнне праблемы.
Проста ўявіце, што падумаюць іншыя ядзерныя дзяржавы, такія як Іран, Паўночная Карэя, калі Пуцін выйдзе пераможцам. Калі людзі не гатовыя супрацьстаяць яму жорстка, тады гэтыя краіны змогуць рабіць тое, што ім падабаецца. Гэта зусім не той свет, у якім мне было б камфортна жыць.
Нам трэба быць катэгарычнымі. Мы павінны супрацьстаяць такім нягоднікам, як Пуцін. І адзіны надзейны спосаб – ваеннае ўмяшанне. Спадзяюся, што гэта тое, што ляжыць на стале, таму што ў адваротным выпадку Пуцін зробіць паўзу, а праз некалькі гадоў вернецца зноў.
– На ваш погляд, нават калі Захад уступіць у барацьбу ва Украіне, Пуцін не скарыстае ні аднаго віду ядзернай зброі?
– Думаю, Пуцін будзе абсалютна дурным, калі справакуе ядзерную вайну, у якой ён ведае, што не зможа перамагчы. Пуцін непакоіцца толькі пра сваю спадчыну, хоча зноў аднавіць расейскую «веліч». Калі Расея зраўняе Маскву з зямлёй, ягоная спадчына будзе жахлівай. Я цвёрда перакананы, што ён зробіць шмат пагрозлівых дзеянняў, але ўся сутнасць ядзернай зброі заключаецца ў тым, што ніводны з бакоў не перамагае.
Пуцін – гэта той, хто ўварваўся ва Украіну і адказны за сотні тысячаў страчаных жыццяў, за мільёны людзей, якія былі пераселеныя. Мы дазволілі яму раскошу верыць, што ён непаражальны для нападу. Мы павінны выправіць гэта, калі хочам спыніць войны ў будучыні.