Зрыў тэракту ў цэнтры Кіева: СБУ абясшкодзіла магутную бомбу
11- 1.02.2025, 14:20
- 13,794
Затрыманая выканаўца.
У Кіеве арыштавалі 22-гадовую жыхарку Львова, якая спрабавала закласці бомбу на адной з цэнтральных вуліцаў сталіцы. Следства мяркуе, што зламысніца выконвала замову РФ. Дэталі рэзананснай справы 1 лютага былі апублікаваныя на канале Службы бяспекі Украіны (СБУ) у Telegram.
Паводле звестак следства, мэтай тэракту стаў будынак СБУ на адной з цэнтральных вуліцаў Кіева. У падазронай знайшлі бомбу магутнасцю 7 кг у тратылавым эквіваленце. У выпадку выбуху моцныя пашкоджанні атрымала б сілавая ўстанова. Таксама высокая верагоднасць вялікіх ахвяраў сярод выпадковых мінакоў.
«Для падрыхтоўкі тэракту расейцы дыстанцыйна завербавалі 22-гадовую нарказалежную з Львова, якая шукала хуткіх грошай на Telegram-каналах», – паведамілі ў СБУ.
Выконваючы ўказанні расейскага куратара, львавянка прыехала ў Кіеў і пасялілася ў кватэры побач з месцам выбуху, якую для яе загадзя арандавалі. Дзяўчына замацавала на балконе міні-камеру, каб расейцы маглі назіраць у рэжыме анлайн за вуліцай і месцам атакі.
Арыштавалі зламысніцу ў момант, калі яна, забраўшы бомбу са схованкі, вярталася ў арандаваную кватэру.
Дзяўчыне пагражае пажыццёвае зняволенне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: дзяржздрада (ч.2 арт.111), падрыхтоўка тэракту (ч.2 арт.258), а таксама незаконнае абыходжанне з выбуховымі рэчывамі (ч.1 арт.263). Цяпер яна знаходзіцца пад вартай.