Пад Менскам пляц з недабудаваных аб'ектаў прадалі за 302 000 рублёў
5- 1.02.2025, 17:22
- 4,176
На аўкцыёне ўсчалася сапраўднае змаганне.
У пятніцу ў Менскім раёне прайшоў аўкцыён аб продажы зямлі з "незакончанай будоўляй". Далёка не заўсёды падобныя пляцы карыстаюцца попытам: шмат хто аддаюць перавагу будаваць з нуля, а не разбірацца з пакінутым кімсьці падмуркам ці часткай вонкавых сцен. Аднак на гэты раз на таргах было горача, бо зямля прадавалася і ў такіх прынадных месцах, як Ратамка і Заслаўе, піша Onliner.by.
За адзін лот змагаліся адразу 10 чалавек, і яго кошт падскочыў да 300 000 рублёў!
Усяго на таргі выставілі 8 надзелаў з недабудаванымі аб'ектамі. Так, у Ратамцы, на вуліцы Сасновай, выставілі крыху больш за 9 сотак з рэшткамі падмурка, парослага дрэвамі. Зямля знаходзіцца на ўзвышшы: у дрэннае надвор'е не кожны аўтамабіль на яго заедзе.
Нерухомасць прадавалася за 104 302 рублі. На яе паклалі вока адразу чатыры чалавекі. Пераможца забраў лот за 203 256 рублёў ($59 606 паводле курсу).
Яшчэ адзін пляц у Ратамцы, але ўжо на вуліцы Перамогі, прадаваўся з недабудаваным катэджам плошчай 94 «квадраты». Тут папярэднімі ўладальнікамі быў заліты падмурак, абсталяваны цокаль і склеп, а вонкавыя сцены ўжо пачалі "заходзіць" на другі мансардны паверх. Увогуле ёсць з чым працаваць.
Сама тэрыторыя займае амаль 9 сотак. За гэты лот змагаліся два ўдзельнікі. Выніковая цана склала 180 000 рублёў ($52 786 па курсе).
А вось пляц у пасёлку Дзегцяроўка новых гаспадароў не знайшоў. Хаця параметры ў яго нядрэнныя: дастаткова роўны ландшафт, памер 15 сотак… Так, выгляд проста на ЦЭЦ, але раптам камусьці не стае індустрыяльных пейзажаў у вясковай глушы? Магчыма, уся рэч у стартавым кошце — ён тут 158 239 рублёў.
Але сапраўдная вайна разгарнулася за пляц у вёсцы Звенячы, што ў кірунку Ракава. За 14 сотак з вялікім недабудаваным катэджам (мінулыя гаспадары замахнуліся ажно на 434 «квадраты») спаборнічалі адразу 10 чалавек.
Пераможцу лот дастаўся за 302 000 рублёў ($88 563 паводле курсу), хаця пачыналіся таргі з сумы на 74 541 рубель.
Знайшлі новых уласнікаў і 9 сотак у Заслаўі. На тэрыторыі ўжо поўнасцю закончаная гаспадарчая пабудова, ды і сам дом гатовы на 25%. Ён сышоў з малатка за 86048 рублёў ($ 25234 па курсе).