11 лютага 2025, aўторак, 15:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Талібанскі Афганістан абышоў Беларусь у тавараабароце з ЗША

12
Талібанскі Афганістан абышоў Беларусь у тавараабароце з ЗША

Лукашэнку выперадзілі нават карлікавыя дзяржавы.

Тавараабарот Беларусі з "непрыязнымі" на думку афіцыйнага Менска ЗША працягваў падаць у 2024 годзе і ўжо меншы за некаторыя карлікавыя дзяржавы свету, піша «Белорусы и рынок».

Паводле звестак Бюро эканамічнага аналізу (Bureau of Economic Analysis, BEA) Міністэрства гандлю ЗША, тавараабарот паміж Беларуссю і ЗША па выніках 2024 года склаў 30,6 млн. даляраў. Гэта ўдвая менш, чым у 2023 годзе, калі гэты паказчык быў роўны 64,5 млн. даляраў. І гэта ўжо менш, чым нагандлявалі таварамі летась са Злучанымі Штатамі такія карлікавыя эканомікі, як Эсваціні, Ліхтэнштэйн, Мальдывы, Маўрыкій, Манака, Непал і іншыя.

Беларускі экспарт у ЗША ў 2024 годзе склаў, паводле звестак BEA, 20 млн даляраў. З 233 краін і тэрыторый, па якіх прыводзіцца статыстыка, гэта 163-е месца. Па гэтым паказчыку нашу краіну абагнаў, напрыклад, талібанскі Афганістан. Гэтая краіна паставіла ў ЗША тавараў на 22,6 млн даляраў, заняўшы 161-е месца.

Экспарт тавараў з Беларусі працягнуў скарачацца. У 2023 годзе яго аб'ём быў 47,2 млн даляраў (145-е месца ў свеце).

Пастаўкі ЗША тавараў у Беларусь таксама скараціліся. З імпартам 10,6 млн даляраў Беларусь — 200-я ў свеце. Летась у нашу краіну было завезена амерыканскіх тавараў на суму 17,3 млн. даляраў (193-е месца).

Крыху павінна радаваць станоўчае сальда - 9,4 млн даляраў. Але і яно ў параўнанні з 2023 годам прыкметна скарацілася. Тады яго аб'ём складаў 29,9 млн даляраў.

Найбуйнейшымі гандлёвымі партнёрамі ЗША ў гандлі таварамі ў 2024 годзе сталі краіны, з якімі дзякуючы новаму прэзідэнту Дональду Трампу Злучаныя Штаты знаходзяцца за крок ад мытнай вайны.

Найважнейшым экспартным рынкам для амерыканскіх тавараў была Канада (349.359.9 млн даляраў). На другім і трэцім месцах, адпаведна, Мексіка (334 041,4 млн. даляраў) і Кітай (143 545,7 млн. даляраў).

Яны ж - у тройцы пастаўшчыкоў на амерыканскі рынак. Толькі на гэты раз на першым месцы Мексіка з аб'ёмам 505 850,6 млн даляраў. Далей ідуць Кітай (438947,4 млн даляраў) і Канада (412695,7 млн даляраў).

Як бачна, з усімі гэтымі краінамі ў ЗША прыстойнае адмоўнае сальда.

З краін былога СССР на першым месцы ў адгрузках застаецца Расея. У 2024 годзе яна прадала тавараў на суму крыху больш за 3 млрд даляраў, што дазволіла ёй стаць 64-м па значэнні экспарцёрам на амерыканскі рынак.

У першую пяцёрку экспарцёраў з гэтага рэгіёну таксама ўвайшлі Літва (2011,6 млн.), Украіна (1186,5 млн.), Эстонія (1065,4 млн.) і Латвія (630,7 млн. даляраў).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках