У Маскву з Вашынгтона прыляцеў таямнічы самалёт
15- 11.02.2025, 15:36
- 19,502
![У Маскву з Вашынгтона прыляцеў таямнічы самалёт](https://i.c97.org/ai/629446/aux-head-1739281892-20250211_N103WG_360.jpg)
Фота: jetphotos.com
Ім неаднаразова карыстаўся сам Трамп.
Бізнэс-джэт Gulfstream G650ER з бартавым нумарам N103WG прызямліўся раніцай у аўторак у Маскве, сведчаць звесткі сэрвісу назірання за палётамі Adsbexchange.
Гэты самалёт належыць адной з кампаній спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Блізкім Усходзе Стыва Уіткофа, сведчыць аналіз «Агентства». Сам Трамп таксама неаднаразова выкарыстоўваў яго для пералётаў.
Gulfstream G650ER вылецеў з Вашынгтона блізу 01:45 паводле менскага часу і прызямліўся ва Унукаве блізу 10:20. Расейскія СМІ са спасылкай на публікацыі карыстальнікаў сацсеткі X (былы Twitter) звязалі яго прылёт з магчымым візітам у Маскву спецпасланніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Блізкім Усходзе Стыва Уіткофа, аднак довадаў гэтаму не падалі.
Паводле звестак сэрвісу Adsbexchange, нумар самалёта – N103WG. Згодна з рэестрам Федэральнай управы цывільнай авіяцыі ЗША, гэтая фірма ў якасці свайго кантактнага адрасу выкарыстоўвае адрас дома ў Маямі-Біч, які належыць адной з фірм групы кампаній Стыва Уіткофа THE Witkoff GROUP.
Гэтым самалётам неаднаразова карыстаўся сам Трамп - на канферэнцыю кансерватараў у Арланда ў 2021 годзе, на адкрыццё сабора Нотр-Дам у Парыжы ў снежні 2024-га (туды, назад). Пра тое, што Трамп карыстаецца самалётам серыі Gulfstream G6 Уіткофа пісалі і буйныя заходнія СМІ, у тым ліку Politico і The Times.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі няма інфармацыі аб прыездзе Уіткофа ў Маскву. «Не, ніякай інфармацыі няма. Ніякіх кантактаў у нас не плануецца», - сказаў ён.