Беларуска выявіла металічны «падарунак» ва ўлюбёнай каўбасе
- 11.02.2025, 21:41
- 3,762
![Беларуска выявіла металічны «падарунак» ва ўлюбёнай каўбасе](https://i.c97.org/ai/629495/aux-head-1739298957-20240101_esport_360.jpg)
Відэафакт.
Карыстальніца з нікам Veronika_krukovskaya паказала ў TikTok, што ў кавалачку каўбасы ад Берасцейскага мясакамбіната знайшла металічны сюрпрыз. Беларусы ў каментарах мяркуюць, што гэта адбылося праз дрэнны кантроль якасці на прадпрыемстве, піша CityDog.io.
Аўтарка відэа на днях набыла сваю любімую каўбасу «Ад бабулі» і выпадкова знайшла ў маленькім кавалачку «металічную штуку». Дзяўчына адзначае, што тавар прадаецца ва ўласнай упакоўцы ад вытворцы, таму да крамы ў яе няма прэтэнзій.
У відэа беларуска кажа, што яе дзіця вельмі любіць гэтую каўбасу, таму яна радая, што менавіта яна надумала даесці апошні кавалачак з сюрпрызам. Акрамя таго, дзяўчына падзялілася, што «прадукцыя Берасцейскага мясакамбіната для нас самая лепшая і смачная, і набываем мы толькі іх прадукцыю».
У каментарах пад відэа некаторыя жартам напісалі, што гэта такі «падарунак ад БМК», і раілі гатаваць сваю каўбасу, дзе «не будзе ні хіміі, ні сюрпрызаў».
Нехта быў занепакоены, што праз такую каўбасу можна проста зламаць зуб. А адна каментатарка напісала, што менавіта гэта з ёй і адбылося: «Чытаю каментатараў і зычу шчыра ім цяпер, як і я, хадзіць без металакерамічнай пломбы праз падобны дадатак».
Яшчэ адзін карыстальнік паспадзяваўся ў каментарах, што хутка на мясакамбінаце «разбяруцца з кантролем якасці, таму што мы таксама толькі іх усёй сям'ёй ямо».