Паліна Шарэнда-Панасюк: Няма ў Беларусі нармальнага чалавека, які быў бы за Лукашэнку
12- 12.02.2025, 16:13
- 13,940
У 2020 годзе беларусы паўсталі супраць сістэмы.
Каардынатарка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк, якая правяла ў зняволенні кіроўнага беларускага рэжыму больш за чатыры гады, была вызваленая 1 лютага гэтага года, пакінула краіну і на мінулым тыдні прыбыла ў Вільню.
Праз некалькі дзён пасля прыбыцця ў сталіцу Літвы Паліна Шарэнда-Панасюк дала прэс-канферэнцыю, якая праходзіла на беларускай мове.
Пасля заканчэння прэс-канферэнцыі карэспандэнтка «Голасу Амерыкі» паразмаўляла з Палінай Шарэнда-Панасюк. На пытанне, як да яе ставіліся наглядчыкі ў штрафным ізалятары, Паліна адказала, што знаходжанне там яна расцэньвае як катаванне. «Гэта быў тэрор як бытавы, так і псіхалагічны. Стаўленне было, вядома, выключна здзеклівае. І гэта выяўлялася літаральна ва ўсім - як ты павінна стаяць, як павінна казаць, сачылі, каб усе гузікі былі зашпіленыя, каб абутак быў у парадку, каб ты чыста мылася. Яны атрымалі карт-бланш на адкрыты, беспакараны тэрор супраць палітвязняў, чым яны, вядома, і карысталіся», - падзялілася яна ўспамінамі пра часы свайго знаходжання ў турме.
На думку Паліны Шарэнда-Панасюк, зараз казаць пра існаванне якой-небудзь апазіцыі ў Беларусі не даводзіцца. І тлумачыць, чаму: «У нас акупацыя Расеяй цягам стагоддзяў, якая ў той ці іншай форме ўтрымлівае Беларусь, як сваю вотчыну. І на працягу ХІХ і ХХ стагоддзяў кожнае пакаленне беларусаў паўставала. 2020 год я расцэньваю як паўстанне людзей і супраць самога Лукашэнкі, і супраць сістэмы, якую ён выбудаваў».
Тлумачачы, чаму зараз у Беларусі няма масавых пратэстаў, былая палітычная зняволеная падае прыклады Паўночнай Карэі і акупаваных украінскіх абласцей, дзе людзі таксама не ладзяць дэманстрацый супраць рэжыму. «Таму што выхад (на вуліцы) звязаны з вялікай рызыкай. У Беларусі ўжо пачалі адбіраць кватэры (у нязгодных з рэжымам). І людзі не могуць, як у цывілізаваных краінах выказаць свой пратэст на вуліцах, ці падпісаўшы нейкі зварот супраць уладаў. Бо супраць іх можа быць разгорнутая такая машына рэпрэсій, якую звычайна выкарыстоўваюць супраць тэрарыстаў. І калі жанчына на вуліцы раскрыла бел-чырвона-белы парасон, да яе будуць ставіцца так, быццам яна захапіла самалёт з закладнікамі», – падае прыклад Паліна Шарэнда-Панасюк.
Паліна робіць выснову, што людзі ў Беларусі выбіраюць для сябе бяспечнае існаванне: «Гэта не значыць, што яны палюбілі рэжым Лукашэнкі ці яго самога і згодныя з усім, што ён там робіць, але сітуацыя такая, беларусам нібы прыстаўлены пісталет да патыліцы. І прадстаўнікі адміністрацыі Лукашэнкі казалі: «Мы правядзём выбары так, што ніхто і не пікне». І гэта - сітуацыя сённяшняй Беларусі».
Разам з тым, паводле ацэнкі Паліны, пратэстны патэнцыял у краіне нікуды не падзеўся: «Няма ў Беларусі нармальнага чалавека, які быў бы за Лукашэнку. І справа не ў ім самім, бо ён - марыянетка. Расея, на жаль, знайшла такога ўнікальнага суб'екта ў Беларусі, які, як магніт прыцягнуў да сябе ўсю поскудзь, усіх нягоднікаў - як відавочных, так і патэнцыйных - і сканцэнтраваў вакол сябе. І гэта падсілкоўваецца фінансава з Рас6і - ты робіш зло, а табе яшчэ і заробак за гэта плацяць. Гэта ўвогуле «шыкоўна».
«Эканамічных санкцый за ўтрыманне ў турмах многіх тысяч палітвязняў супраць рэжыму Лукашэнкі не ўведзена».
Прэс-канферэнцыю вяла галоўная рэдактарка партала «Хартыя'97» Наталля Радзіна, вядомая як адна з найбольш паслядоўных і непрымірымых апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Апошнім часам у інфармацыйнай прасторы некалькі разоў агучвалася прапанова пайсці на ўгоду з беларускім дыктатарам: зняць усе эканамічныя санкцыі - як сектаральныя, так і персанальныя - калі ён адпусціць на волю ўсіх палітычных зняволеных. Наталля Радзіна ставіцца да гэтай ідэі рэзка адмоўна.
У гутарцы з карэспандэнтам яна патлумачыла: «Эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі сёння ўведзеныя за іншыя злачынствы. А менавіта: за пасадку самалёта Ryan Air у 2021 годзе, за міграцыйны крызіс, які пачаўся тады ж - калі з тэрыторыі Беларусі атакавалі межы з Польшчай, Літвой і Латвіяй. А таксама за ўдзел беларускага рэжыму ў вайне супраць Украіны. На сённяшні дзень эканамічных санкцый за ўтрыманне ў турмах многіх тысяч палітвязняў супраць рэжыму Лукашэнкі не ўведзена».
Радзіна рэзюмуе, што мяняць скасаванне санкцый супраць беларускай эканомікі на вызваленне ўсіх палітвязняў нельга - на ейную думку, замест гэтага трэба ўвесці новыя санкцыі і патрабаваць ад рэжыму вызвалення абсалютна ўсіх вязняў сумлення.