ХАМАС адпрэчыў ультыматум Трампа
- 12.02.2025, 14:06
- 5,822
![ХАМАС адпрэчыў ультыматум Трампа](https://i.c97.org/ai/566776/aux-head-1696681354-20231007_hamas_piat_360.jpg)
Прэзідэнт ЗША пагражаў, што для «тэрарыстаў адкрыецца пекла».
Радыкальны ісламісцкі рух ХАМАС адпрэчыў патрабаванне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа вызваліць усіх ізраільскіх закладнікаў да поўдня 15 лютага. Прадстаўнік ХАМАС Самі Абу Зухры заявіў агенцтву dpa у аўторак, 11 лютага, што пагадненне аб рэжыме спынення агню, укладзенае з Ізраілем у студзені, - адзіны спосаб гарантаваць вызваленне закладнікаў. Паводле ягоных слоў, мова пагроз недарэчная, яна толькі ўскладніць сітуацыю, піша «Нямецкая хваля».
Пасля таго як ХАМАС абвясціў аб намеры адкласці запланаваную на 15 лютага перадачу закладнікаў Ізраілю нібыта праз невыкананне апошніх умоў замірэння, Трамп выставіў ультыматум: паводле ягоных слоў, калі да 12.00 суботы ўсе закладнікі не будуць вернуты, трэба касаваць пагадненне аб замірэнні. «І хай там адкрыецца пекла», - заявіў амерыканскі прэзідэнт.
ХАМАС абвінавачвае Ізраіль у перашкодзе вяртанню палестынцаў на поўнач сектара Газа, блакаванні ўвозу палатак, паліва, медыкаментаў і абсталявання для разбору руінаў.
Міністр абароны Ізраілю Ісраэль Кац назваў пастанову ХАМАС «грубым парушэннем» умоў пагаднення аб спыненні агню і прывёў сілы Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) у раёне сектара Газа ў поўную баявую гатоўнасць.