СМІ: ЗША рыхтуюцца вызваліць расейца Вінніка ў абмен на Фогеля
9- 12.02.2025, 19:47
- 6,488
![СМІ: ЗША рыхтуюцца вызваліць расейца Вінніка ў абмен на Фогеля](https://i.c97.org/ai/629616/aux-head-1739378864-20240101_esport_360.jpg)
Ён можа валодаць біткоінамі на $8 млрд.
ЗША ў абмен на вызваленага амерыканца Марка Фогеля перададуць Расеі грамадзяніна РФ Аляксандра Вінніка, якога судзілі ў Злучаных Штатах паводле абвінавачання ў адмыванні ад $4 млрд да $9 млрд праз крыптабіржу, пішуць амерыканскія СМІ. Паводле інфармацыі журналіста-расследавальніка Андрэя Захарава, Віннік важны для Крамля тым, што пад яго кантролем можа знаходзіцца крыптавалюты на $8 млрд.
«Яшчэ адна інтрыга магчымага вяртання Вінніка: ён, паводле некаторых звестак, кантралюе партманэт з 80к біткоінаў, якія былі выкрадзеныя хакерамі з японскай біржы Mt. Gox у 2011 годзе. Уласна, удзел у вывадзе грошай пасля ўзлому - адзін з пунктаў амерыканскага абвінавачання», - паведаміў журналіст у сваім тэлеграм-канале. Ён удакладняе, што 80 тысяч біткоінаў эквівалентныя $8 млрд, што складае 2% даходаў бюджэту РФ на 2025 год.
Пра вызваленне Вінніка са спасылкай на крыніцы інфармуюць The New York Post, Reuters і ABC News News. У публікацыях гаворыцца, што яго ў ЗША абвінавачваюць у кіраўніцтве злачыннай арганізацыяй - крыптабіржай BTC-E з дзённым абарачэннем $66 млн, якая з 2010-2011 гадоў адмыла мільярды даляраў. Сам абвінавачаны не прызнаваў віну, сцвярджаючы, што толькі надаваў біржы кансультацыйныя паслугі. Вінніка затрымалі ў Грэцыі ў 2017 годзе на запыт ЗША, а затым, пасля пяці гадоў зняволення ў грэцкай і французскай турмах, у жніўні 2022-га, экстрадавалі ў Штаты.
Раней Расея вызваліла з калоніі асуджанага на 14 гадоў паводле абвінавачання ў кантрабандзе наркотыкаў экс-супрацоўніка амерыканскага пасольства Марка Фогеля. У жніўні 2021 года яго затрымалі ў аэрапорце Шарамеццева пры спробе завезці 11 грамаў марыхуаны і 8 грамаў гашышнага масла. Са слоў самога Фогеля, ён выкарыстоўваў іх у медыцынскіх мэтах пасля перанесенай аперацыі на хрыбетніку, што было пацверджана запісам у яго медкарце. На момант арышту грамадзянін ЗША працаваў выкладчыкам у маскоўскай Англа-амерыканскай школе.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў пазней сказаў, што ў абмен на Фогеля ЗША вернуць расейскага грамадзяніна, але каго менавіта, ён не ўдакладніў, дадаўшы, што імя вызваленага стане вядомае пасля яго прыбыцця на радзіму. The Wall Street Journal указвала, што Фогеля абмяняюць на Вінніка.