СМІ: Фінал Лігі чэмпіёнаў можа прайсці ў ЗША
5- 12.02.2025, 20:00
Да 2033 года.
Некалькі матчаў Лігі чэмпіёнаў, у тым ліку фіналу турніру, да 2033 года могуць прайсці ў ЗША. Пра гэта паведамляе брытанская газета The Independent.
Адзначаецца, што УЕФА і Асацыяцыя еўрапейскіх клубаў (ECA) блізкія да ўкладання спонсарскай угоды з амерыканскай кампаніяй Relevent Sports аб камерцыйных правах на мужчынскія клубныя спаборніцтвы пачынаючы з 2027 года. Калі ўгода будзе ўкладзеная, гэта адзначыць канец больш чым 30-гадовага супрацоўніцтва УЕФА з TEAM Marketing, якая першапачаткова адказвала за ўвесь брэндынг Лігі чэмпіёнаў, у тым ліку гімн і расфарбоўку мяча.
Relevent кантралюецца амерыканскім мільярдэрам і ўладальнікам бейсбольнага клуба «Маямі Долфінс» Стывенам Росам, які даўно выношвае планы правядзення значных еўрапейскіх клубных матчаў у ЗША. Укладанне ўгоды паміж Relevent і УЕФА адкрые перспектыву правядзення матчаў Лігі чэмпіёнаў у ЗША да 2033 года, адзначае Independent.
Прэзідэнт Ла Лігі Хаўер Тэбас летась казаў, што гішпанская ліга спадзяецца правесці афіцыйныя матчы ў ЗША ужо ў сезоне 2025/26. У Ла Лігі ўжо некалькі гадоў дзейнічае спонсарскі кантракт з Relevent. Першапачаткова планавалася правесці матч чэмпіянату Гішпаніі з удзелам "Барсэлоны" і "Жыроны" ў Маямі ў 2018 годзе, але Ла Ліга тады сутыкнуўся з супрацьдзеяннем з боку Гішпанскай федэрацыі футбола і ФІФА.
ФІФА летась у красавіку заявіла, што разгледзіць магчымасць унясення змяненняў у свае правілы, якія забараняюць правядзенне матчаў мясцовых ліг у іншых краінах, дасягнуўшы пагаднення з Relevent наконт пазову кампаніі, якая аспрэчвае гэты пункт у правілах.
У 2025 годзе вызначальны матч Лігі чэмпіёнаў прыме Мюнхен, у 2026-м - Будапешт.