На прадпрыемствах Магілёва беларусаў заменяць індыйцамі
18- 12.02.2025, 20:47
- 11,178
![На прадпрыемствах Магілёва беларусаў заменяць індыйцамі](https://i.c97.org/ai/629623/aux-head-1739382424-20240101_esport_360.jpg)
Падрабязнасці.
У магілёўскім аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты прайшла сустрэча прадстаўнікоў прадпрыемстваў вобласці з індыйскай кампаніяй у найме персаналу, паведаміла БелГПП. Плануецца залучаць працаўнікоў з Індыі.
Для перамоў у Магілёў прыехаў часовы павераны пасольства Індыі ў Беларусі Раджэш Кумар. З ягоным ўдзелам прайшла сустрэча прадстаўнікоў магілёўскіх прадпрыемстваў і кампаніі Kyrgyz-India Global LLC, якая займаецца найманнем працоўнай сілы ў Індыі для працы за мяжой.
«У сустрэчы ўзялі ўдзел беларускія прадпрыемствы, зацікаўленыя ў выкарыстанні наёмнай працоўнай сілы з-за мяжы. Сярод удзельнікаў прадстаўнікі будаўнічай галіны, вытворцы тэкстыльнай і хлебабулачнай прадукцыі, будаўнічых сумесяў і прадукцыі з металу», - паведамілі ў БелГПП.
Стораны абмеркавалі пытанні залучэння рабочых пэўнай спецыялізацыі, візавай падтрымкі, рэгістрацыі. Прадпрыемствы дамовіліся накіраваць свае запыты індыйскаму боку для далейшай прапрацоўкі.
Гендырэктар магілёўскага аддзялення БелГПП Генадзь Чорны адзначыў, што тэма найму рабочай сілы з-за мяжы агулам не ўласцівая дзейнасці палаты, але калі гэта патрэбна прадпрыемствам Магілёўскай вобласці, то палата гатовая паспрыяць у правядзенні такіх мерапрыемстваў, у тым ліку онлайн.