Bloomberg: Турцыя нанесла нафтавы ўдар па Расеі
6- 13.02.2025, 18:30
- 13,248
![Bloomberg: Турцыя нанесла нафтавы ўдар па Расеі](https://i.c97.org/p/articles/ai-229869-aux-head-20161103_turkey_.jpg)
Страты будуць каласальнымі.
Нафтавая стратэгія Расеі развальваецца на вачах: найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы завод Турцыі Tupras спыняе закупы расейскай нафты, калі яе кошт перавышае ўсталяваную G7 столь - $60 за барэль. Аб гэтым паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы ў галіне.
З 27 лютага Tupras цалкам адмовіцца ад партый расейскай нафты, якія не адпавядаюць санкцыйным патрабаванням. Гэта азначае, што Масква губляе аднаго з найбуйнейшых пакупнікоў і змушаная альбо прадаваць сыравіну заніжаным коштам, альбо шукаць абыходныя шляхі, якія становяцца ўсё больш складанымі.
«Гэта цяжкі ўдар па расейскім нафтавым экспарце», – адзначаюць аналітыкі.
Tupras - адзін з ключавых пакупнікоў расейскай нафты. Турцыя была выратавальным колам для расейскага нафтавага сектара, асабліва пасля ўвядзення заходніх санкцый. 65% усяго імпарту сырой нафты Турцыі прыпадала менавіта на Расею, а за першыя 11 месяцаў 2024 года краіна імпартавала 29,1 млн тон расейскіх нафтапрадуктаў.
Толькі Tupras у 2024 годзе закупляў амаль 290 000 барэляў расейскай нафты на дзень, што складала 5,5% усяго расейскага марскога экспарту. Цяпер гэтая плынь будзе заблакаваная. Паводле звестак Bloomberg, расейскія пастаўшчыкі вымушаныя прапаноўваць нафту са значнымі зніжкамі, але нават гэта не гарантуе продажаў.
Амерыканскія санкцыі, уведзеныя 10 студзеня, ужо сур'ёзна ўдарылі па расейскім нафтавым гандлі: Індыя пачала адмаўляцца ад нафты, якая пастаўляецца падсанкцыйнымі расейскімі кампаніямі. Кітай патрабуе дадатковых зніжак, бо рызыкі транзакцый з Расеяй растуць. Расея змушаная шукаць новыя схемы для абыходу абмежаванняў, але гэта толькі павялічвае выдаткі.
«Масква вытрымала тры гады санкцый, але ўдар Байдэна перад Новым годам можа стаць пераломным. Расейцы пакуль не прыдумалі, як кампенсаваць страты», - адзначаюць заходнія эксперты.
Прыпыненне паставак у Tupras і ціск на азіяцкія рынкі могуць прывесці да шматмільярдных страт для Расеі: Кошты расейскай нафты зніжаюцца - пасля студзеньскіх санкцый Urals ужо прадаецца танней $60 за барэль. Даходы ад экспарту падаюць - Расея губляе пакупнікоў, а новыя рынкі патрабуюць вялізных зніжак.
Масква рызыкуе страціць ключавых партнёраў - нават краіны, якія не падтрымліваюць санкцыі, пачынаюць пераглядаць супрацоўніцтва. Паводле звестак Міжнароднага энэргетычнага агенцтва (IEA), у студзені экспарт расейскай нафты абрынуўся на 60 000 барэляў за дзень, а прыбыткі ад нафтапрадуктаў знізіліся на $400 млн.
Расея паспрабуе шукаць новыя абыходныя шляхі, але зрабіць гэта ўсё больш складана. Кантроль за ценявым флотам узмацняецца, а санкцыйныя механізмы працуюць усё больш жорстка.