Расейскія войскі нясуць «няўяўныя» страты ў бітве за Курскую вобласць
1- 13.02.2025, 18:48
- 6,026
![Расейскія войскі нясуць «няўяўныя» страты ў бітве за Курскую вобласць](https://i.c97.org/ai/514171/aux-head-1662280800-20220819_ork_360.jpg)
Акупанты чакаюць «новы Бахмут».
Пуцінскія войскі, працягваючы захопліваць украінскія вёскі, ужо больш за паўгода не могуць вызваліць землі ў Курскай вобласці, занятыя часткамі УСУ. Абодва бакі страцілі тысячы байцоў, але разглядаюць гэтую тэрыторыю як крытычна важны элемент на магчымых перамовах аб мірным урэгуляванні. У выніку баёў горад Суджа, найбуйнейшы з тых населеных пунктаў, якія знаходзяцца пад кантролем УСУ, можа быць пераўтвораны ў руіны.
Фатограф The New York Times Нэна Хейтман атрымала дазвол з'ездзіць у снежні ў Курскую вобласць і паразмаўляць з расейскімі жаўнерамі і мясцовымі жыхарамі. Баі за Суджу нечакана сталі самымі разлютаванымі на расейска-ўкраінскім фронце - абодва бакі сцягнулі туды адны з самых баяздольных частак. Горад размешчаны ў 9 км ад мяжы, у ім знаходзіцца станцыя «Газпрама», праз якую газ паступаў адзіным прамым маршрутам у Еўропу – праз Украіну (цяпер яна не патрэбная, бо са студзеня транзітныя пастаўкі спыніліся). Да прыходу вайны ў горад у ім пражывала амаль 5000 чалавек.
«Гэта самыя жорсткія баі - я не бачыў нічога такога за ўвесь час правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі», - сказаў NYT вайсковец з пазыўным Аід, пад камандаваннем якога знаходзіцца амаль 200 жаўнераў. Былы вагнеравец, ён ваюе ў складзе чачэнскага батальёна «Ахмат», які найбольш нагадвае свабодную структуру былога фармавання Яўгена Прыгожына.
У «Ахмаце» шмат іншых вагнераўцаў, і яны мяркуюць, што баі стануць яшчэ больш кровапралітнымі. «Чакаем Бахмута 2.0», - сказаў Аід. Менавіта байцы ПВК «Вагнер» увесну 2023 г. пасля шматмесячных штурмаў змаглі захапіць Бахмут, фактычна сцёрты з твару зямлі сталымі абстрэламі.
Са слоў іншага расейскага камандзіра, кошт супрацьстаяння будзе неймаверным. Кровапраліцце, ахвяры - гэта проста «няўяўна», сказаў ён.
Аб стратах бакоў менавіта ў Курскай вобласці не паведамляецца. Вядома толькі, што паўночнакарэйская групоўка, якая складалася прыкладна з 11 000 жаўнераў, страціла блізу 4000 з іх і прыкладна ў сярэдзіне студзеня была адведзеная ў тыл. Гэта пацвярджалі выведслужбы Украіны, ЗША і Паўднёвай Карэі.
У Курскай вобласці ваююць таксама кантрактнікі. Яны вырашылі атрымаць вялікія выплаты, прапанаваныя тым, хто запісаўся на «СВА», але магчымасць ваяваць за вызваленне сваёй тэрыторыі, з іх слоў, стала дадатковым стымулам адправіцца на вайну. Пры гэтым мэты і прычыны вайны з Украінай яны так і не змаглі дакладна сфармуляваць, піша NYT.