УСУ нанеслі контрудар у Данецкай вобласці
5- 13.02.2025, 20:02
- 11,216
![УСУ нанеслі контрудар у Данецкай вобласці](https://i.c97.org/ai/628940/aux-head-1738904907-tank_vsu_360.png)
Украінскія вайскоўцы вызвалілі сяло і рушылі далей.
Украінскае войска ўпершыню за год змагло адціснуць расейскія войскі ў Данецкай вобласці, вызваліўшы сяло Пясчанае, размешчанае за пяць кіламетраў ад Пакроўска. Акрамя таго, украінскія сілы прасунуліся на два кіламетры ў суседніх населеных пунктах, піша Bild.
Як адзначае фінскі ваенны аналітык Эміль Кастэхельмі, украінскія войскі правялі серыю контратак з розных кірункаў. Хоць тэрыторыя, вызваленая УСУ, пакуль невялікая, сам факт адступлення расейскіх войскаў ва Украіне ўпершыню з восені 2023 года выклікаў прыкметную нервовасць сярод расейскіх Z-блогераў.
Расейскія крыніцы пацвярджаюць, што УСУ замацаваліся ў прамысловай зоне заходняй часткі вёскі Пясчанае і вядуць баі ў жылых раёнах.
Для абароны Пакроўска гэты контрудар вельмі важны, паколькі расейскае войска ўшчыльную падышло да стратэгічнай трасы Е50, якая злучае горад з цэнтральнай Украінай. Яе страта магла б прывесці да блакады ўкраінскіх войскаў у Пакроўску.
Акрамя таго, УСУ актывізаваліся і на тэрыторыі Расеі. У Курскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы вярнулі пад кантроль тры невялікія населеныя пункты. Расейскія вайсковыя блогеры публікуюць кадры наступу 82-й дэсантна-штурмавой брыгады УСУ, што пацвярджае паведамленні пра прасоўванне ўкраінскіх сілаў.