107 гадоў таму нарадзіўся Пётр Машэраў
30- 13.02.2025, 20:29
- 3,638
![107 гадоў таму нарадзіўся Пётр Машэраў](https://i.c97.org/ai/279416/aux-head-1518508134-20180213_masherov2_360.jpg)
Ён кіраваў БССР 15 гадоў.
13 лютага 1918 года нарадзіўся Пётр Машэраў. Паводле сямейнага падання, род аднаго з самых вядомых беларускіх палітыкаў XX стагоддзя вядзецца ад француза з прозвішчам Машэро, які патрапіў на нашы землі падчас адступлення напалеонаўскага войска. І атрымаўшы раненне пад Магілёвам, застаўся тут, ажаніўшыся з сялянкай, якая выхадзіла яго.
![](https://i.c97.org/ai/629761/aux-1739467683-1.jpg)
Пацвярджэнняў гэтай легендзе няма, але і без таго жыццё Пятра Машэрава поўнае дзіўных падзей. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён добраахвотнікам пайшоў на фронт, але патрапіў у акружэнне, а потым у палон. І ўцёк, на поўным ходзе выскачыўшы з цягніка, праціснуўшыся, пры сваіх 190 см росту, праз вузкае акенца пад дахам вагона.
![](https://i.c97.org/ai/629761/aux-1739467683-2.jpg)
Вярнуўшыся ў родныя Расоны (для чаго прайшоў пешшу больш за 200 кіламетраў), Машэраў пад самым носам у акупантаў стварыў партызанскі атрад, які пасля вырас да сапраўднага партызанскага краю на 10 тыс. кв. км.
Факты наяўнасці рэпрэсаваных сваякоў і знаходжання, няхай і нядоўгага, у палоне ў большасці выпадкаў закрывалі магчымасці для палітычнай кар'еры ў СССР. Але не ў выпадку Пятра Машэрава, якому за ягоную дзейнасць у арганізацыі партызанскага руху было прысвоенае званне Героя Савецкага Саюза. За дзесяць гадоў ён прайшоў шлях ад другога сакратара Менскага абкама кампартыі БССР да кіраўніка Цэнтральнага камітэта КПБ. За 15 гадоў ягонага знаходжання на гэтай пасадзе нацыянальны прыбытак рэспублікі вырас у тры разы, прамысловая вытворчасць – у чатыры. І, напрыклад, шмат у чым менавіта дзякуючы ягонай упартасці Менску было прысвоена званне горада-героя, амаль праз 30 гадоў пасля заканчэння вайны.
![](https://i.c97.org/ai/629761/aux-1739467683-3.jpg)
4 кастрычніка 1980 года на аўтамагістралі недалёка ад Менска чорная «Чайка», у якой ехаў Пётр Машэраў, на хуткасці рэзнулася ў грузавік, які стаў на дарозе. Апошнімі словамі Пятра Машэрава сталі: «Не чапайце шафёра, ён не вінаваты».