Фінал агульнапольскага адбору на «Еўравізію 2025» адбудзецца сёння
3- 14.02.2025, 22:42
- 2,436

Беларусы Польшчы могуць прагаласаваць за дуэт з Беласточчыны.
Ужо сёння, 14 лютага, увечары адбудзецца, бадай, самая знакавая падзея гэтага года ў падляскай музыцы – фінал агульнапольскага адбору на «Еўравізію 2025», у якім возьме ўдзел R'N'B дуэт SW@DA x Niczos з Беласточчыны з кампазіцыяй Lusterka. Гэта Віктар Шчыгел і Ніка Юрчук.
Жыхары ж горада Бельск-Падляскі, адкуль родам Ніка, і яе сябры, з якім паразмаўляла «Радыё Рацыя», заклікаюць аддаць SMS-голас за сваіх музыкаў.
– Мы ўсе чакалі не тое, што перамогі, а каб проста пачуць. Гэтая музыка – гэта нейкі кайф, гэта мастацтва перш за ўсё. Давайце пакажам наша мастацтва. Тое, што стварылі SW@DA x Niczos, Віктар і Ніка, вельмі незвычайнае. У музычным плане гэта не прадукт, гэта сапраўдная творчасць. Мы найперш ганарымся, што гэта ідзе ў свет, – падзяліўся мясцовы жыхар Томаш Суліма.
Музыка Сяргей Доўгушаў:
– Я вельмі рады, што нарэшце нешта новае можна пачуць і ўбачыць на тым жа адборачным туры «Еўравізіі». Зычу, каб сапраўды атрымалі перамогу, бо гэта нешта новае, унікальнае. Таму ўсім беларусам, усім тутэйшым і ў цэлым палякам, і аматарам гэтага гурту раю прагаласаваць, бо гэта сапраўды будзе нешта новае.
Трансляцыя фіналу адбору на Еўравізію пачнецца сёння вечарам у 20.45 (паводле польскага часу). Галасаванне пачнецца прыкладна а 22-й гадзіне і будзе доўжыцца 20 хвілінаў. Прагаласаваць трэба праз нумар 7430 з лічбай 6 – гэта нумар SW@DA x Niczos.