Ёсць тры прыкметы раскідання Расеі
19- Наталля Радзіна
- 15.02.2025, 23:10
- 25,252

Сёння РФ – 12-я эканоміка ў свеце.
Еўропа цудоўна разумее, якімі могуць быць наступствы ганебнай угоды з Пуціным. «Мюнхенская змова» ў дачыненні да Украіны не паўторыцца.
Пра гэта галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна расказала ў інтэрв'ю YouTube-каналу вядомага журналіста Яўгена Кісялёва:
– Спадзяюся, што высновы з гісторыі еўрапейцамі зробленыя. Яны цудоўна разумеюць, што пагрозы з боку Расеі нікуды не падзенуцца, калі пагадненне з Пуціным будзе заключанае на абсалютна ганебных умовах капітуляцыі.
Думаю, што ўсё ж такі будзе выпрацаваная жорсткая стратэгія ў дачыненні да Пуціна, таму што трэба разумець, што Расея слабая, яе нават немагчыма параўноўваць з СССР. І сёння гэта дванаццатая эканоміка свету, гэта не звышдзяржава, якім быў у свой час Савецкі Саюз. І мы ведаем, што за гэтыя тры гады Расея вельмі сур'ёзна знясіленая вайной, пра гэта наўпрост заяўляў генеральны сакратар NATO. Сёння ў яе сур'ёзны дэфіцыт і ўзбраенняў, і асабовага складу. Мы бачым, якія праблемы ў эканоміцы Расеі, эканамічныя санкцыі, уведзеныя супраць Расейскай Федэрацыі, дзейнічаюць. Трэба ўзмацніць санкцыі супраць энэргетычнага сектару, санкцыі супраць ценевага флоту, якія ўжо ўведзеныя. Можна ісці далей. Размова ідзе не толькі пра зніжэнне кошту нафты, можна закрываць пралівы, трэба звяртацца да Даніі, да Турцыі.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што расейскі рэжым можа абрынуцца, а за ім пасыплецца і лукашысцкі:
– Ніводны саветолаг не прадказваў падзення Савецкай імперыі. Але гэта адбылося, і паглядзіце, што цяпер ёсць усе тры элементы, якія прывялі да распаду Савецкага Саюза. Уведзеныя санкцыі супраць нафтавага сектару, ідзе абмеркаванне зніжэння кошту нафты, адбываецца гонка ўзбраенняў. Вось нядаўна прайшла інфармацыя, што ваенны бюджэт Расеі нібыта ўжо вышэйшы, чым ваенны бюджэт усіх краінаў Еўразвязу разам узятых. Гэта немінуча вядзе да краху эканомікі. А цяпер Трамп распарадзіўся стварыць у ЗША сістэму супрацьракетнай абароны «Жалезны купал» на прыклад рэйганаўскіх «Зорных войнаў». І гэта прадаўжэнне гонкі ўзбраенняў. У часе якой, я перакананая, не толькі Расея, нават Кітай можа надарвацца. Трэці элемент развалу СССР – вайна ў Афганістане, а цяпер яшчэ больш разбуральная для самой Расеі вайна супраць Украіны.
Мяркую, што мы не перабольшваем, усё можа адбыцца імкліва і хутка. Як у самой Расеі, так і ў Беларусі, таму што марыянетачны рэжым Лукашэнкі абрынецца адначасова разам з пуцінскім.