The New York Times: ЗША рыхтуюць угоду з Лукашэнкам па масавым вызваленні палітвязняў
121- 15.02.2025, 17:09
- 67,258

Санкцыі працуюць.
Вызваленне Аляксандрам Лукашэнкам грамадзяніна ЗША і двух беларускіх палітвязняў можа стаць першым крокам да маштабнай угоды паміж Вашынгтонам і Менскам. Пра гэта расказаў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША у Еўропе Крыс Сміт на сустрэчы дыпламатаў у Вільні, піша The New York Times са спасылкай на крыніцы. Увагу на публікацыю звярнула «Агенцтва. Навіны».
Сміт удзельнічаў у вывазе з Беларусі грамадзяніна ЗША і двух беларусаў-палітвязняў, якіх 12 лютага вызваліў Менск. Дыпламат быў сярод амерыканцаў, якія ездзілі ў Менск, каб вывезці гэтых людзей. Падчас візіту ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком беларускага КДБ Іванам Церцелем, піша NYT.
У межах пагаднення, як распавёў Сміт у Вільні, Лукашэнка можа вызваліць мноства палітвязняў, у тым ліку шырока вядомых. Узамен ЗША аслабяць санкцыі супраць беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаенняў, сказалі крыніцы газеты.
Галоўнай мэтай ЗША Сміт назваў вызваленне большай колькасці палітвязняў. Яшчэ адна важная мэта - даць Лукашэнку «перадых па-за арбітай Расеі», расказалі суразмоўцы журналістаў. Сміт сказаў, што пытаўся ў Лукашэнкі, ці гатовы той спыніць рэпрэсіі, і той адказаў станоўча.
Сміт курыраваў палітыку ЗША ў Беларусі і за мінулай амерыканскай адміністрацыяй. Перамовы з супольнікамі ЗША аб змякчэнні санкцый ён пачаў яшчэ летась, адзначае NYT.
Дзярждэпартамэнт ЗША не адказаў на запыты газеты.