21 лютага 2025, Пятніца, 13:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мюнхен: Зяленскі не згодны з роляй у сцэнары Трампа

61
Мюнхен: Зяленскі не згодны з роляй у сцэнары Трампа

Кола замыкаецца?

Мюнхен для Уладзіміра Зяленскага - горад, дзе ў лютым 2022 года заходнія лідары з трывогай абмяркоўвалі падрыхтоўку нападк Расеі на Украіну. Тады на Мюнхенскай канферэнцыі ў бяспецы ў гэта мала хто верыў, як, зрэшты, і ў тое, што Украіна выстаіць, піша «Нямецкая хваля».

Праз тры гады галоўнай тэмай форуму стаў план заканчэння вайны з падачы новага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які ўзяў курс на хуткія перамовы з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Кола замыкаецца?

«Чырвоная лінія» Зяленскага

Пасля першых двух дзён пытанне - якім коштам магчымы мір - засталося без дакладнага адказу. Коштам адмовы ад імкнення ў НАТА і акупаваных Расеяй тэрыторый, на чым намагае Масква, і пра што заявіў напярэдадні Мюнхена новы кіраўнік Пентагона Піт Хегсет? Віцэ-прэзідэнт Джэймс Дэвід Вэнс на гэтую тэму казаў мала, а спецпасланнік Трампа што да Украіны і Расеі, адстаўны генерал Кіт Келаг, таксама не змог паведаміць канкрэтыкі акрамя таго, што Вашынгтон хоча доўгага і стабільнага міру ва Украіне. Але план, відавочна, не гатовы, і ўкраінскі лідар збіраецца абмеркаваць яго падчас сваёй найбліжэйшай сустрэчы з кіраўніком Белага дома, як мяркуецца, у Вашынгтоне. Калі яна адбудзецца - невядома.

У Мюнхене Зяленскі даў зразумець, што не згодзен з роляй статыста ў сцэнары Трампа.

«Украіна ніколі не прыме ўгоды, укладзенай за нашай спінай і без нашага ўдзелу», - сказаў прэзідэнт Украіны 15 лютага. Зала гатэля Bayrischer Hof, дзе праходзіць канферэнцыя, адрэагавала апладысментамі. Дэпутатка Еўрапарламента ад нямецкіх лібералаў Мары-Агнес Штрак-Цымерман (Marie-Agnes Strack-Zimmermann) назвала ў інтэрв'ю DW прамову ўкраінскага прэзідэнта «найлепшай» з усіх, якія яна чула. Асабліва ёй спадабалася накіраванасць на ўзмацненне абароназдольнасці Еўропы, у тым ліку заклік да стварэння еўрапейскага войска на фоне паслаблення сувязей са Злучанымі Штатамі.

Напярэдадні Зяленскі сказаў, што пойдзе на перамовы з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным толькі пасля ўзгаднення пазіцый з ЗША і Еўразвязам. Еўрапейцы патрабуюць месца за будучым перамоўным сталом, але амерыканцы не спяшаюцца іх запрашаць.

Умовы ўдзелу ў перамовах з Пуціным - не адзіная «чырвоная лінія» Зяленскага, прачэрчаная ім у сталіцы Баварыі. У Мюнхене прэзідэнт Украіны адмовіўся падпісваць праект пагаднення аб доступе Злучаных Штатаў да пакладаў рэдкіх мінералаў. Паводле звестак амерыканскай прэсы, Вашынгтон нібы ў абмен на працяг дапамогі Кіеву жадае атрымаць доступ да паловы такіх запасаў на ўкраінскай тэрыторыі. Украіна ў прынцыпе не супраць, але дэталі яшчэ будуць узгадняць.

Келаг не бачыць еўрапейцаў на перамовах

Падчас цяперашняй Мюнхенскай канферэнцыі ўпершыню прадстаўнік дзейнай адміністрацыі ЗША, а менавіта Келаг, наведаў «Украінскі ланч», арганізаваны фондам бізнэсоўца Віктара Пінчука. Гэтае мерапрыемства назвалі ў трампаўскай стылістыцы «Your country first - win with us» («Твая краіна найвышэй - перамагай з намі»).

Аб перамозе Украіны Келаг не казаў, але заявіў, што ўважае за эфектыўную дзейнасць Трампа: «Мы зрабілі за апошнія 30 дзён больш (для прыпынення вайны. - Рэд.), чым папярэдняя адміністрацыя Байдэна зрабіла за тры гады». Келаг запэўніў, што Украіна будзе ўцягнутая ў мірныя перамовы, пры гэтым, на яго думку, можна абысціся і без еўрапейцаў. Гэтая заява ўпісалася ў агульную напружаную атмасферу Мюнхена пасля жорсткай прамовы віцэ-прэзідэнта Вэнса, у якой ён раскрытыкаваў Еўропу за тое, што ён назваў абмежаваннем дэмакратыі. Еўрапейцы, у тым ліку канцлер Нямеччыны Олаф Шольц (Olaf Scholz), рэзка запярэчылі.

У адказ на пытанне карэспандэнта DW аб тым, ці будзе Вашынгтон намагаць на выбарах прэзідэнта ва Украіне сёлета, Келаг заявіў, што пастанову аб магчымасці іх правядзення павінна прымаць сама Украіна. Хаця яшчэ зусім нядаўна ў інтэрв'ю агенцтву Reuters, апублікаваным 1 лютага, Келаг адзначаў, што ЗША хочуць, каб Украіна правяла выбары, імаверна, да канца года, асабліва ў выпадку дасягнення пагаднення аб спыненні агню з Расеяй у найбліжэйшыя месяцы.

Якіх саступак ЗША чакаюць ад Расеі

Хаатычнасць і непаслядоўнасць заяў амерыканскіх прадстаўнікоў - адна з характэрных рыс цяперашняга Мюнхена. Зяленскі казаў пра гэта з дрэнна схаваным раздражненнем. Прэзідэнт Украіны сказаў, што, маўляў, у новай адміністрацыі Злучаных Штатаў ёсць «розныя галасы», і ён «не ўпэўнены», што «ўсе яны на баку» Украіны. Каго ён меў на ўвазе, Зяленскі не ўдакладніў.

Калі аб магчымых саступках Украіны гавораць усё больш, то на які кампраміс Трамп хоча прымусіць пайсці Расею - зразумела менш. У адказе на пытанне падчас запісанай у Мюнхене дыскусіі DW Conflict Zone, Келаг сказаў, што, як і ў выпадку Украіны, гэта могуць быць «тэрытарыяльныя саступкі». У гэтым жа кантэксце Келаг згадаў санкцыі, у тым ліку супраць «ценявога флоту», які, як мяркуюць на Захадзе, дапамагае Маскве экспартаваць нафту.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках