Келаг: Украінцы сапраўды будуць за сталом перамоў, еўрапейцы - наўрад ці
42- 16.02.2025, 10:33
- 11,684

Скандальная заява спецпрадстаўніка Трампа.
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША што да Украіны Кіт Келаг у адказе на пытанні на канферэнцыі ў бяспецы, якая праходзіць у Мюнхене, заявіў, што Украіна, без усялякага сумнення, будзе за сталом перамоў аб заканчэнні вайны, распачатай Расеяй супраць гэтай краіны, паведамляе «Радыё Свабода».
Келаг пракаментаваў асцярогі, якія гучаць у апошнія дні ў Кіеве і ў краінах ЕЗ, што Злучаныя Штаты і Расея будуць весці двухбаковыя перамовы аб міры і паставяць Украіну і еўрапейскіх хаўруснікаў перад фактам.
Украінцы будуць за сталом перамоў
«Вядома, украінцы будуць за сталом перамоў», - заявіў Келаг. Наўпроставы ж удзел у перамовах прадстаўнікоў ЕЗ, як вынікае з яго слоў, не мяркуецца. Пры гэтым, са слоў прадстаўніка прэзідэнта ЗША, цяпер ён вядзе дыскусіі з еўрапейскімі лідарамі і збірае іх прапановы, каб еўрапейскія інтарэсы таксама былі ўлічаныя падчас перамоваў.
Раней як лідары ЕЗ, так і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўлялі, што прадстаўнікі ЕЗ павінны ўдзельнічаць у перамовах аб міры. Формула такіх перамоў, аднак, дагэтуль не вызначаная. Келаг заявіў, што ў іх у кожным выпадку павінны ўдзельнічаць Расея і Украіна, а таксама ЗША ў якасці пасярэдніка. Са слоў Келага, ён узяў на сябе абавязацельства падрыхтаваць такія перамовы цягам 180 дзён. Вайна ж, з яго слоў, павінна скончыцца цягам года. Як зазначыў спецпасланнік прэзідэнта ЗША, сам ён імкнецца працаваць як мага хутчэй, так, каб вынікі яго працы сталі бачныя ўжо праз некалькі тыдняў ці дзён, а не праз паўгода. Гэта патрабаванне прэзідэнта Трампа, падкрэсліў Келаг.
Келаг пацвердзіў, што на будучым тыдні наведае Украіну. Яго паездка ў Маскву не мяркуецца - з яго слоў, кантакты з Расеяй на даручэнне прэзідэнта Дональда Трампа будзе падтрымліваць іншы спецпрадстаўнік, Стывен Уіткоф.
Са слоў Келага, ЗША разглядаюць цяпер розныя варыянты гарантый бяспекі для Украіны. Спецпрадстаўнік падкрэсліў, што само па сабе спыненне агню і замірэнне не будуць поспехам для Украіны - меркай поспеху будзе тое, ці будуць створаныя дастаткова моцныя гарантыі ў выпадку парушэння ўмоў замірэння.
Расея павінна пайсці на саступкі
Са слоў Келага, Расея, спадзяецца на грубую сілу і не лічацца са стратамі, але яна не даб'ецца поспеху ў вайне. Каб скончыць вайну з Украінай, Маскве неабходна будзе пайсці на саступкі. Апроч іншага, ён назваў магчымыя тэрытарыяльныя саступкі - відавочна, гаворка ідзе аб адмове ад кантролю над часткай цяпер акупаваных украінскіх тэрыторый.
Таксама, як заявіў прадстаўнік прэзідэнта ЗША, Вашынгтон хацеў бы, каб Масква адмовілася ад хаўрусаў з краінамі - праціўнікамі ЗША, такімі як Паўночная Карэя, Іран ці Кітай. Келаг зазначыў, што ў выпадку нежадання Масквы ісці на саступкі ЗША могуць увесці дадатковыя санкцыі, накіраваныя ў тым ліку супраць расейскай нафтавай галіны. Пры гэтым спецпасланнік адпрэчыў крытыку ЗША, якая гучыць у тым ліку ў Кіеве і краінах ЕЗ, за іх кантакты з Расеяй і асабіста Уладзімірам Пуціным, адзначыўшы: «Хочам мы гэтага ці не, але трэба гаварыць і з супраціўнікам».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова заяўляў, што пакласці канец вайне ва Украіне - адна з галоўных яго мэт. На днях ён патэлефанаваў прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і, як ён сцвярджае, атрымаў ад яго запэўненні, што Расея будзе імкнуцца да міру. Трамп размаўляў праз тэлефон таксама з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Са слоў Трампа, ужо дасягнуты істотны прагрэс на шляху да міру. У той жа час, пакуль не паведамлялася аб якіх-небудзь дамоўленасцях аб пачатку мірных перамоў з удзелам бакоў канфлікту, патрабаванні якіх часам дыяметральна супрацьлеглыя. Баявыя дзеянні працягваюцца.