Уладзімір Зяленскі: Еўропа павінна сама вызначаць сваю будучыню
14- 16.02.2025, 19:12
- 10,290

Фото: Reuters
Поўны тэкст і відэа прамовы прэзідэнта Украіны на Мюнхенскай канферэнцыі.
У суботу, 15 лютага, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў на Мюнхенскай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі, якая праходзіць з 14 да 16 лютага.
У сваім выступе Зяленскі заявіў, што план Украіны палягае ў тым, каб дасягнуць міру ў 2025 годзе. З яго слоў, Кіеў працуе над падрыхтоўкай плана гарантый бяспекі, якім падзеліцца з Вашынгтонам. Украіна чакае фармавання агульнага падыходу да заканчэння вайны, у тым ліку з прыцягненнем еўрапейскіх партнёраў.
Сайт Charter97.org публікуе поўны тэкст і відэа прамовы Уладзіміра Зяленскага:
- Вялікі дзякуй! Вялікі дзякуй!
Дзякуй за вашыя словы! Дзякуй за вашу падтрымку! Дзякуй за запрашэнне.
Паважаныя дамы і спадары!
У пачатку канферэнцыі кожная краіна звычайна дзеліцца сваёй пазіцыяй, прыярытэтамі - афіцыйна, адкрыта або ў нефармальнай гутарцы з журналістамі, з партнёрамі.
А сёлета краіна, якая нават не была запрошаная, усё ж заявіла аб сваёй прысутнасці. Краіна, пра якую тут усе гавораць — і не ў найлепшым сэнсе.
Сёлета ў ноч перад «Мюнхенам» расейскі ўдарны беспілотнік пашкодзіў саркафаг, які накрывае разбураны чацвёрты рэактар Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
Гэта быў мадыфікаваны робат Shahed — расейскі робат, тэхналогію вырабу якога Іран перадаў Расеі. Яго боегалоўка несла не менш як 50 кілаграмаў выбухоўкі.
І мы разглядаем гэта як надзвычай сімвалічны крок з боку Расеі, з боку Пуціна.
Толькі нядаўна ва Украіне мы абмяркоўвалі вызначальную ролю ядзернай энэргетыкі ў забеспячэнні жыццядзейнасці краіны, нягледзячы на сталыя атакі Расеі на нашу ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру. Цяпер мы рыхтуем праект пашырэння нашай Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі - літаральна за дзень да «Мюнхена» я быў там, на станцыі, - з удзелам амерыканскага бізнэсу, зрэшты, кампаніі Westinghouse. Гэты праект умацуе энэргетычную бяспеку не толькі Украіны, але і ўсяго нашага еўрапейскага рэгіёна.
А яшчэ мы таксама нядаўна гаварылі з прэзідэнтам Трампам і яго камандай аб ядзернай энэргетыцы і найбуйнейшай у Еўропе атамнай электрастанцыі - нашай Запарожскай АЭС, якую цяпер акупавала Расея.
І Расея адказала, адправіўшы беспілотнік, каб пашкодзіць чарнобыльскі саркафаг, дзе захоўваецца радыеактыўны пыл і абломкі.
І гэта не нейкае ўтрапёнасць. Гэта пазіцыя Расеі.
Краіна, якая наносіць такія ўдары, не хоча міру. Не. Не хоча. Яна не рыхтуецца да дыялогу.
Амаль штодня Расея накіроўвае на нас да сотні, а то і больш Shahed. Штодзень. І рэгулярна атакуе балістычнымі ракетамі. І ўвесь час павялічвае колькасць авіяўдараў. Але гэта яшчэ не ўсё.
Сёлета Масква плануе стварыць 15 новых дывізій, павялічыўшы колькасць да 150 тысяч салдат. Гэта больш, чым нацыянальныя войскі пераважнай часткі еўрапейскіх краін.
Расея кожны тыдзень адкрывае новыя прызыўныя пункты. І Пуцін можа сабе гэта дазволіць - кошты нафты ўсё яшчэ дастаткова высокія, каб ён мог ігнараваць мір.
І ў нас ёсць выразныя выведвальныя звесткі, што гэтым летам Расея плануе адправіць войскі ў Беларусь пад маркай вучэнняў. Але менавіта так яны размяшчалі войскі перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну тры гады таму.
Ці прызначаныя гэтыя расейскія сілы ў Беларусі для нападу на Украіну?
Магчыма. А можа, і не. А можа, яны для вас?
Дазвольце мне нагадаць вам: Беларусь мяжуе з трыма краінамі НАТА. Яна фактычна стала плацдармам для расейскіх вайсковых аперацый.
Са слоў як Пуціна, так і Лукашэнкі, у Беларусі зараз размешчаная забароненая зброя - ракеты сярэдняй далёкасці і нават ядзерная зброя.
Відавочна, што Пуцін разглядае Беларусь як чарговую расейскую правінцыю.
І мы павінны быць рэалістамі - калі хтосьці стварае вайсковы плацдарм, мы павінны спытаць: што нам з гэтым рабіць?
І, што важней: што мы можам зрабіць да наступнага нападу, наступнага ўварвання?
Узгадайце, на польскай і літоўскай межах з Беларуссю ўжо былі правакацыі, звязаныя з міграцыйным крызісам, якія зладзіла расейская выведка, каб пасеяць хаос у Еўропе.
Але што, калі наступным разам гэта будуць не мігранты? Што калі гэта будуць расейскія войскі? Ці паўночнакарэйскія войскі?
Не рабіце памылковых высноў - паўночныя карэйцы не слабыя. Цяпер яны вучацца ваяваць, весці сучасную вайну.
А як наконт вашых войск? Ці гатовыя яны?
І калі Расея пачне аперацыю пад чужым сцягам ці проста без апазнавальных знакаў з тэрыторыі Беларусі, як гэта было з Крымам у 2014 годзе, як хутка адрэагуюць хаўруснікі? І ці адрэагуюць увогуле?
Учора тут, у Мюнхене, віцэ-прэзідэнт ЗША выразна даў зразумець: дзесяцігоддзі, з яго слоў, дзесяцігоддзі ранейшых пастаноў паміж Еўропай і Амерыкай заканчваюцца. Цяпер усё будзе па-іншаму, і Еўропа павінна адаптавацца да гэтага.
Дамы і спадары!
Я веру ў Еўропу. І я ўпэўнены, што вы таксама верыце. І я заклікаю вас дзейнічаць - дзеля сябе і дзеля Еўропы, народаў Еўропы, вашых нацый, вашых дамоў, вашых дзяцей і нашай агульнай будучыні. Для гэтага Еўропа павінна стаць самадастатковай - аб'яднанай агульнай сілай, украінскай і еўрапейскай.
Цяпер украінскае войска дзякуючы сусветнай падтрымцы - шчыра дзякуем за яе - стрымлівае Расею. Але калі не мы, дык хто іх спыніць? Сапраўды! Будзем сумленнымі: зараз мы не можам адкінуць магчымасць таго, што Амерыка можа сказаць «не» Еўропе адносна выклікаў, якія ёй пагражаюць.
Многія, вельмі многія лідары гаварылі аб тым, што Еўропе патрэбныя ўласныя ўзброеныя сілы, войска - войска Еўропы.
І я сапраўды веру, што гэты час прыйшоў. Неабходна стварыць узброеныя сілы Еўропы.
Гэта не складаней, чым рашуча супрацьстаяць расейскім атакам, як мы гэта ўжо робім.
Але размова ідзе не толькі аб павелічэнні абаронных выдаткаў як долі ВУП. Грошы, вядома, патрэбныя, але самі па сабе грошы не спыняць варожы наступ. Людзі і зброя не даюцца дарма, але, зноў жа, справа не толькі ў бюджэце. Справа ва ўсведамленні людзьмі неабходнасці абараняць свой ўласны дом.
Без украінскага войска еўрапейскіх войск будзе недастаткова, каб спыніць Расею. Гэта рэаліі сённяшняга дня. Толькі наша войска ў Еўропе мае сапраўдны, сучасны баявы досвед.
Але аднаго нашага войска таксама недастаткова. І нам трэба тое, што вы можаце даць. Зброя. Навучанне. Санкцыі. Фінансаванне. Палітычны ціск. І адзінства.
Тры гады поўнамаштабнай вайны давялі, што мы ўжо маем аснову для аб'яднаных еўрапейскіх узброеных сіл. І зараз, калі мы вядзем гэтую вайну і закладаем асновы міру і бяспекі, мы павінны пабудаваць узброеныя сілы Еўропы.
Каб будучыня Еўропы залежала толькі ад еўрапейцаў і пастановы аб Еўропе прымаліся ў Еўропе.
Менавіта таму мы гаворым з еўрапейскімі лідарамі і са Злучанымі Штатамі аб вайсковых кантынгентах, якія могуць забяспечыць мір, і не толькі ва Украіне, але і ва ўсёй Еўропе. І менавіта таму мы развіваем супольную вытворчасць зброі, асабліва беспілотнікаў. У першую чаргу.
Напрыклад, дацкая мадэль супольнага інвеставання ў вытворчасць узбраенняў у нашай краіне ўжо добра працуе, вельмі, вельмі, вельмі паспяхова. Толькі летась дзякуючы намаганням украінцаў і партнёраў мы вырабілі больш за 1,5 мільёна беспілотнікаў розных тыпаў. Украіна сёння з'яўляецца сусветным лідарам у выкарыстанні беспілотнікаў у баявых дзеяннях. Гэта наш поспех. Але гэта таксама ваш поспех. Безумоўна. І ўсё, што мы будуем для сваёй абароны ва Украіне, умацоўвае і вашую бяспеку. Гэта ж павінна датычыцца і артылерыі, і супрацьпаветранай абароны, і тэхналогій, і бронетэхнікі.
Усё, што трэба для абароны жыцця ў сучаснай вайне, павінна рабіцца ў Еўропе цалкам. Еўропа мае ўсё неабходнае. Еўропе проста трэба аб'яднацца і пачаць дзейнічаць так, каб ніхто не мог сказаць Еўропе «не», камандаваць ёю або абыходзіцца з ёй, як са слабой сілай.
Размова ідзе не толькі аб назапашванні зброі. Размова ідзе аб рабочых месцах, тэхналагічным лідарстве і эканамічнай сіле для Еўропы.
Мінулай восенню ў сваім Плане перамогі я прапанаваў замяніць частку амерыканскага кантынгенту ў Еўропе на ўкраінскія войскі - вядома, калі Украіна будзе ў NATO. Калі амерыканцы самі надумаюць пайсці гэтым шляхам і паменшыць сваю прысутнасць - гэта, вядома, нядобра, гэта вельмі небяспечна, але мы ўсе ў Еўропе павінны быць гатовыя да гэтага. І я пачаў казаць пра гэта яшчэ да выбараў у ЗША, бо бачыў, куды рухаецца амерыканская палітыка. Але Амерыка павінна ўбачыць, куды рухаецца Еўропа.
І гэты кірунак еўрапейскай палітыкі павінен быць не проста шматабяцальным - ён павінен выклікаць у Амерыкі жаданне быць побач з моцнай Еўропай. Гэта абсалютна магчыма. Я ў гэтым упэўнены.
І мы павінны фармаваць гэты курс, Еўропа павінна сама вызначаць сваю будучыню.
Нам неабходная ўпэўненасць ва ўласнай сіле, каб у астатніх не было іншага выбару, акрамя як паважаць еўрапейскую сілу. А без еўрапейскага войска гэта немагчыма.
Яшчэ раз паўтараю: Еўропе патрэбныя ўласныя ўзброеныя сілы.
І я ведаю, я ведаю, што Марк Рутэ, мой добры сябар, зараз мяне слухае. Марк, дружа, гаворка не ідзе аб замене Альянсу.
Размова ідзе аб тым, каб зрабіць унёсак Еўропы ў наша партнёрства роўным унёску Амерыкі.
І нам патрэбны аднолькавы падыход, калі гаворка ідзе пра дыпламатыю: працаваць разам дзеля міру.
Украіна ніколі не пагодзіцца на дамовы, укладзеныя за нашай спінай, без нашага ўдзелу. І гэтае ж правіла павінна ўжывацца да ўсёй Еўропы.
Ніякіх пастаноў аб Украіне без Украіны. Ніякіх пастаноў аб Еўропе без Еўропы. Еўропа павінна мець месца за сталом, калі прымаюцца пастановы аб Еўропе. Усё астатняе - нішто. Калі мы застаёмся па-за перамовамі пра нашу ўласную будучыню, то мы ўсе саступім.
Паглядзіце, што зараз спрабуе зрабіць Пуцін. Гэта ягоная гульня. Пуцін хоча перамоў з Амерыкай тэт-а-тэт - гэтак жа, як перад вайной, калі яны сустрэліся ў Швэйцарыі і, здавалася, збіраліся падзяліць свет.
Далей Пуцін паспрабуе дабіцца таго, каб прэзідэнт ЗША стаяў на Краснай плошчы 9 траўня гэтага года не як паважаны лідар, а як масоўка ў ягоным спектаклі.
Нам гэта не патрэбнае.
Нам патрэбен сапраўдны поспех. Нам патрэбен сапраўдны мір.
Некаторыя ў Еўропе, магчыма, не да канца разумеюць, што зараз адбываецца ў Вашынгтоне.
Але давайце засяродзімся на разуменні саміх сябе менавіта тут, у Еўропе.
Спачатку мы мусім даць сілу Еўропе.
Ці патрэбна Еўропа Амерыцы? Як рынак збыту - так. Але як хаўруснік? Я не ведаю.
Каб адказ быў «так», Еўропе патрэбны адзіны голас, а не дзясятак асобных галасоў.
Нават тыя, хто рэгулярна прыязджае ў Мар-а-Лага, павінны быць часткай моцнай Еўропы, бо прэзідэнт Трамп не любіць слабых сяброў. Ён паважае сілу.
Далей.
Некаторыя ў Еўропе могуць адчуваць незадаволенасць у дачыненні да Брусэля. Але давайце будзем шчырыя: калі не Брусэль, то Масква. Гэта вашая пастанова. Гэта геапалітыка. Гэта гісторыя.
Масква разарве Еўропу на часткі, калі мы, еўрапейцы, не будзем давяраць адзін аднаму.
Некалькі дзён таму прэзідэнт Трамп распавёў мне аб сваёй размове з Пуціным. Ён ні разу не згадаў, што Амерыцы патрэбная Еўропа за гэтым сталом. Гэта шмат аб чым кажа. Старыя часы, калі Амерыка падтрымлівала Еўропу проста таму, што яна заўсёды гэта рабіла, мінулі.
Але прэзідэнт Трамп неяк сказаў: важная не тая сям'я, у якой ты нарадзіўся, а тая, якую ты пабудаваў. Мы павінны пабудаваць як мага больш цесныя стасункі з Амерыкай - і так, новыя стасункі, - але як еўрапейцы, а не проста як асобныя нацыі.
Вось чаму нам патрэбная адзіная замежная палітыка — скаардынаваная дыпламатыя — замежная палітыка агульнай Еўропы. І няхай заканчэнне гэтай вайны стане нашым першым агульным поспехам у гэтай новай рэальнасці.
І мы ўжо працуем над тым, каб 24 лютага, у трэція ўгодкі поўнамаштабнага ўварвання Расеі, мы маглі прысутнічаць разам у Кіеве самі або анлайн. Усе еўрапейскія лідары. Усе ключавыя партнёры, якія абараняюць нашу бяспеку. Ад Гішпаніі да Фінляндыі. Ад Вялікай Брытаніі да Польшчы. Ад Вашынгтона да Токіё.
Гэтая сустрэча павінна даць дакладнае бачанне нашых наступных крокаў што да міру, гарантый бяспекі і будучыні нашай агульнай палітыкі.
І я не веру ў гарантыі бяспекі без Амерыкі - так, яны будуць проста слабымі.
Але Амерыка не дасць гарантый, калі сама Еўропа не будзе мець моцных гарантый.
Я таксама не буду здымаць пытанне сяброўства Украіны ў NATO з парадку дня.
Але зараз самым уплывовым чальцом NATO, відавочна, з'яўляецца Пуцін, бо яго капрызы здольныя блакаваць пастановы NATO. І гэта пры тым, што менавіта ўкраінскае войска спыніла Расею - не краіна NATO, не войскі NATO, а толькі наш народ і наша войска.
На баку Украіны ў гэтай вайне не ваююць замежныя войскі. Але Пуцін страціў у гэтай вайне амаль 250 тысяч жаўнераў. Больш за 610 тысяч былі параненыя.
Толькі ў Курскай бітве нашыя войскі знішчылі амаль 20 тысяч расейскіх жаўнераў. Мы цалкам знішчылі паўночнакарэйскія падраздзяленні, якія Пуцін быў вымушаны ўвесці, бо яго ўласных сілаў не ставала, каб стрымаць нашае контрнаступленне. Ужо больш за паўгода ўкраінцы ўтрымліваюць пазіцыі на расейскай тэрыторыі, хоць менавіта Расея хацела стварыць буферную зону на нашай зямлі, ва Украіне.
Я ганаруся Украінай. Я ганаруся нашым народам.
Але зараз я прашу вас - кожнага з вас - шчыра адказаць на гэтае пытанне: калі б Расея прыйшла па вас, магло б ваша войска ваяваць гэтак жа?
Я не хачу, каб камусьці некалі давялося гэта высвятляць - не дай бог. Вось чаму мы гаворым аб гарантыях бяспекі. І менавіта таму мы думаем, што асновай усякіх гарантый бяспекі для Украіны павінна быць сяброўства ў NATO. Або, калі не гэта, то ўмовы, якія дазволяць нам пабудаваць іншае NATO проста тут, ва Украіне.
Бо ў нейкі момант будзе мяжа паміж вайной і мірам. Дзе гэтая мяжа будзе праведзеная і наколькі яна будзе трывалай, залежыць ад нас. Мая прапанова: усходняя мяжа Украіны, усходняя мяжа Беларусі, усходнія межы краін Балтыі, усходняя мяжа Фінляндыі. Гэта наймацнейшая лінія бяспекі для ўсіх нас у Еўропе, бо гэта лінія міжнароднага права.
І ці памятаем мы яшчэ, што такое міжнароднае права?
Давайце будзем сумленнымі: «міжнароднае права» - гэтыя два словы ўжо гучаць крыху састарэла.
Але я мяркую, што місія Еўропы палягае ў тым, каб зрабіць так, каб міжнароднае права ўсё яшчэ мела значэнне.
І нарэшце - апошні пункт.
Якія гарантыі бяспекі можа прапанаваць Пуцін?
Да вайны многія сумняваліся, ці змогуць украінскія інстытуты вытрымаць ціск Расеі і Пуціна.
Але, нарэшце, менавіта Пуцін сутыкнуўся з унутраным узброеным паўстаннем.
Менавіта яму давялося абараняць сваю сталіцу ад сваіх военачальнікаў.
Ужо адно гэта сведчыць аб яго слабасці.
Дык што ж будзе з мільёнам расейскіх жаўнераў, якія зараз ваююць ва Украіне?
Дзе яны будуць ваяваць, калі не ва Украіне?
Вось чаму мы не можам проста пагадзіцца на спыненне агню без рэальных гарантый бяспекі, без ціску на Расею, без сістэмы стрымлівання Расеі.
Каб ваяваць з намі, Пуцін сцягнуў войскі з Сірыі, з Афрыкі, з Каўказа, нават з часткі Малдовы. І зараз ён сутыкаецца з недахопам баявых сіл.
І калі гэтая вайна скончыцца не так, як трэба, у яго будзе лішак правераных у баях жаўнераў, якія не ўмеюць нічога, акрамя як забіваць і марадзёрыць.
І гэта яшчэ адна прычына, чаму лёс гэтай вайны не могуць вызначыць толькі некалькі лідараў: ні Трамп і Пуцін, ні я і Пуцін, ні хто-небудзь тут, у Мюнхене, сам-насам з Пуціным.
Мы павінны ціснуць разам, каб дасягнуць сапраўднага міру.
Пуцін не можа прапанаваць рэальных гарантый бяспекі. Не толькі таму, што ён хлус, але і таму, што Расеі ў яе цяперашнім стане патрэбная вайна, каб утрымаць уладу. І свет павінен быць ад гэтага абаронены.
Такім чынам, па-першае, узброеныя сілы Еўропы як абнаўленне NATO.
Па-другое, агульная еўрапейская замежная палітыка.
Па-трэцяе, узровень еўрапейскага супрацоўніцтва, які Вашынгтон павінен успрымаць сур'ёзна.
Па-чацвёртае, міжнароднае права.
Па-пятае, працяг ціску на Расею, бо мір гарантуе менавіта гэты ціск, а не словы Пуціна, не проста нейкія паперы.
Пуцін ілжэ. Ён прадказальны. І ён слабы.
Мы павінны гэтым скарыстацца - зараз, а не потым.
І мы мусім дзейнічаць як Еўропа, а не як купка асобных людзей.
Некаторыя гавораць, што новы год надыходзіць не 1 студзеня, а падчас Мюнхенскай канферэнцыі ў пытаннях бяспекі.
Гэты новы год пачынаецца зараз, і няхай ён будзе годам Еўропы — аб'яднанай, моцнай, бяспечнай і мірнай. Мір для Украіны. Мір для Еўропы. Мір для ўсяго свету. Для ўсіх вашых сем'яў.
Дзякуй вам вялікі!
Слава Украіне!