Прэзідэнт Фінляндыі назваў тры крокі да міру ва Украіне
13- 16.02.2025, 17:10
- 10,634

ФОТА: GETTY IMAGES
Аляксандэр Стуб успомніў досвед Фінляндыі падчас Другой сусветнай вайны.
Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандэр Стуб, выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі, назваў тры этапы, праз якія павінна прайсці Украіна для дасягнення міру. Паводле ягоных слоў, першым этапам павінны стаць папярэднія перамовы і пераўзбраенне Украіны.
«Першая фаза - гэта папярэднія перамовы, і гэта момант, калі нам трэба пераўзброіць Украіну і максімальна ціснуць на Расею. Гэта ўключае санкцыі і выкарыстанне замарожаных актываў, каб Украіна пачала гэтыя перамовы з пазіцыі сілы», - сказаў ён.
Другі этап, на думку Стуба, павінен уключаць дамову аб спыненні агню, дэмаркацыі мяжы і міжнародным маніторынгу. На гэтым жа этапе павінен адбыцца абмен палоннымі і вяртанне Расеяй украінскіх дзяцей.
Таксама прэзідэнт Фінляндыі дадаў: «Калі Расея зноў нападзе на Украіну, то Украіна будзе аўтаматычна прынятая ў NАТО».
На трэцім этапе павінна быць забяспечана незалежнасць, суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць Украіны, мяркуе ён. У гэтым кантэксце Стуб успомніў досвед Фінляндыі падчас Другой сусветнай вайны, калі краіна здолела захаваць сваю незалежнасць, але страціла частку тэрыторый і магчымасць самастойна выбіраць замежнапалітычных партнёраў.