У Менску п'яны мужчына пайшоў на міліцыянтаў з нажамі
10- 16.02.2025, 18:23
- 8,906

Тыя стрэлілі яму ў нагу.
У Менску будуць судзіць 32-гадовага мясцовага жыхара, які дэбашырыў пасля застолля ў гасцях, а затым пайшоў з нажамі на міліцыянераў, якія прыехалі на выклік. Мужчына пры гэтым ужо мае неадбытую судзімасць. Пра гэта піша дзяржаўнае агенцтва "Минск-Новости" са спасылкай на пракуратуру Партызанскага раёна сталіцы.
Мянчук з жонкай выпіваў дома ў знаёмага на вуліцы Халмагорскай. На наступны дзень кампанія прадоўжыла "адпачываць", але моцна нецвярозы госць стаў сам з сабой размаўляць, стукаць кулаком у сцяну, "тыкаць лязом кухоннага нажа ў стальніцу" і прычыняць сабе цялесныя пашкоджанні. Тады гаспадар кватэры выклікаў міліцыю.
Супрацоўнікі, якія прыехалі на выклік, заспелі нецвярозага мужчыну з двума нажамі ў руках. Як распавялі ў пракуратуры, той закрычаў "Ідзіце сюды!" і накіраваўся ў іх бок. Міліцыянт дастаў пісталет і запатрабаваў менчука кінуць нажы і легчы на падлогу. А калі той не падпарадкаваўся, стрэліў яму ў нагу.
На агрэсіўнага менчука завялі “крыміналку” за супраціўленне супрацоўніку пры выкананні ім службовых абавязкаў, спалучанае з пагрозай гвалту (ч.2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Як дапоўнілі ў міліцыі, абвінавачаны не працуе, а раней не раз прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і мае неадбытую судзімасць. Віну ён прызнаў і раскаяўся ў зробленым.
Мужчыну ўзялі пад варту. Аднак пасля высновы экспэртаў ён мае патрэбу ў прымусовым лячэнні ад хранічнага алкагалізму і наркаманіі.