У Беларусі засталося ўсяго сем прыватных школ
10- 17.02.2025, 9:06
- 2,738

Раней толькі ў Менску і вобласці іх было 50.
Цяпер у Беларусі працуе толькі сем прыватных адукацыйных устаноў. Такую лічбу назваў міністр адукацыі Андрэй Іванец у эфіры тэлеканала СТВ.
Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што неабходна ўпэўненасць у тым, што ва ўсіх адукацыйных установах рэалізуецца адзіная адукацыйная праграма, якая адпавядае дзяржаўным стандартам.
Раней найбольшая колькасць так званых прыватных школ была ў Менску і Менскай вобласці - блізу 50. Але, паводле слоў Іванца, толькі палова з іх да прыняцця закона аб ліцэнзаванні афіцыйна заяўляла аб адукацыйнай дзейнасці.
Сістэму ліцэнзавання прыватных школ і дзіцячых садоў увялі ў Беларусі ў 2022 годзе.
Летам 2024-га Мінгарвыканкам паведаміў, што ні адна прыватная дашкольная ўстанова не змагла атрымаць ліцэнзію. Да змен у заканадаўстве ў Менску працавалі 5-6 такіх устаноў.