22 лютага 2025, Субота, 23:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

G7 рыхтуе паніжэнне парога коштаў расейскай нафты

4
G7 рыхтуе паніжэнне парога коштаў расейскай нафты

Заява чакаецца ў трэція ўгодкі расейскага ўварвання ва Украіну.

Краіны Вялікай сямёркі (G7) рыхтуюць зніжэнне парога коштаў расейскай нафты. Аб гэтым, спасылаючыся на праект дакумента, піша Bloomberg.

«Вялікая сямёрка разглядае ідэю калектыўна ўзмацніць або адаптаваць парог коштаў расейскай нафты, каб знізіць даходы Масквы», – гаворыцца ў публікацыі.

Заява чакаецца 24 лютага - у трэція ўгодкі расейскага ўварвання ва Украіну. Пакуль ідзе абмеркаванне, бо не ўсе ўдзельнікі G7 далі згоду ў гэтым пытанні.

У снежні агенцтва Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы пісала, што краіны G7 разглядаюць магчымыя спосабы ўзмацнення жорсткасці коштавага абмежавання расейскай нафты. Ёсць розныя варыянты - ад поўнай забароны аперацый з расейскай нафтай да зніжэння коштавай мяжы з існых $60 да прыкладна $40 за барэль.

Краіны Вялікай сямёркі (G7) устанавілі коштавы парог $60 яшчэ ў канцы 2022 года. Удзельнікі кааліцыі дамаўляліся рэгулярна пераглядаць абмежаванні адзін раз на месяц, каб яно было на 5% ніжэй за сярэднерынкавы кошт расейскай нафты і нафтапрадуктаў, але ні разу гэта не зрабілі.

Расея навучылася абыходзіць абмежаванні, выкарыстоўваючы «ценявы флот» танкераў, часта з невядомымі страхавальнікамі або ўласнікамі, для пастаўкі нафты на новыя рынкі, перш за ўсё ў Азіі. Дзякуючы гэтаму расейская нафта прадаецца вышэй за ўстаноўленую цэнавую мяжу цягам большай часткі года.

У адказ краіны G7 пачалі накладаць санкцыі на танкеры і кампаніі, уцягнутыя ў гэтыя ценявыя аперацыі. У снежні 2024 года краіны Паўночнай Еўропы таксама дамовіліся ўзмацніць праверкі страхавання расейскіх танкераў, якія праходзяць праз асноўныя еўрапейскія пратокі: Ла-Манш, Эрэсун, Дацкія пратокі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках