У жыхароў Асіповічаў нарэшце з'явілася вада
1- 19.02.2025, 16:03

Але пытанні да яе якасці будуць заставацца цягам усяго дня.
У Асіповічах у Магілёўскай вобласці аднавілі водазабеспячэнне. Горад быў без вады з ночы (пра аварыю стала вядома а 01.50). Цягам дня будзе праводзіцца яе хлараванне і кантроль якасці (бо з кранаў цякла вада «неналежнага выгляду»).
У Асіповічах блізу 29 тысяч жыхароў. Прарыў на водаправодзе стаў прычынай знікнення вады ва ўсім горадзе. На месцы працавалі супрацоўнікі водаканала з Асіповічаў і Бабруйска, а таксама ратавальнікі і іх спецтэхніка, паведамляе «Еўрарадыё».
«Для лакалізацыі аварыі было адключана водазабеспячэнне з паўночнага і паўднёвага водазабораў горада», - тлумачыў раніцай у відэазвароце старшыня Асіповіцкага райвыканкама Андрэй Дубінчык. Пазней, калі месца аварыі «лакалізавалі», водазаборы пачалі па чарзе ўключаць.
Тым часам па горадзе размясцілі цыстэрны з пітной вадой. А прапагандысты пачалі запісваць відэаролікі з мясцовымі жыхарамі аб тым, як «усе службы зрэагавалі хутка», а яны «праблем з адсутнасцю вады не адчулі».
Адзначаецца, што ў Асіповічах «цеплазабеспячэнне парушанае не было».