21 лютага 2025, Пятніца, 21:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Ва Украіне няма запасаў рэдказямельных металаў

20
Bloomberg: Ва Украіне няма запасаў рэдказямельных металаў

Эксперт назваў «ілюзіяй» намер прэзідэнта ЗША.

Захапленне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа што да вымання рэдкіх карысных выкапняў з ахопленай вайной краіны з'яўляецца яго «ілюзіяй» і «дурасцю», мяркуе эксперт агенцтва Bloomberg (пераклад - «Нямецкая хваля») Хаўер Блас.

- Нягледзячы на размовы аб яе велізарным патэнцыяле, Украіна, як вядома, не валодае запасамі асноўных рэдказямельных элементаў, якія шукае Дональд Трамп, - напісаў у сераду, 19 лютага, эксперт-аглядальнік агенцтва Bloomberg Хаўер Блас, які спецыялізуецца на тэмах энэргетыкі і сыравінных тавараў. Ён назваў «ілюзіяй» намер прэзідэнта Злучаных Штатаў атрымаць асабістую выгаду з зямлі ахопленай расейскай вайной краіны.

- Тое, што ёсць ва Украіне, - гэта выпаленая зямля; тое, чаго ў яе няма, - гэта рэдказямельныя элементы. Дзіўна, але многія людзі, і не ў апошнюю чаргу прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, здаецца, перакананыя, што краіна мае багатыя запасы карысных выкапняў. Гэта глупства, - напісаў Блас, нагадаўшы, што пад рэдказямельнымі металамі маюцца на ўвазе 17 элементаў, сярод якіх, паводле звестак Геалагічнай службы ЗША, ва Украіне ёсць невялікія рудні толькі аднаго з такіх - скандыю.

Лідарамі ў запасах рэдказямельных металаў з'яўляюцца Кітай (44 млн тон), В'етнам (22 млн тон), Бразілія (21 млн тон), Расея (10 млн тон) і Грэнландыя (2 млн тон). Са звестак той жа амерыканскай службы, якія прыводзіць Блас, Украіны ў гэтым пераліку няма. «Для Трампа важнасць запасаў рэдказямельных элементаў абумоўленая тым фактам, што Кітай дамінуе ў сусветных пастаўках», – аргументуе аглядальнік агенцтва.

«Магчыма, Трамп змяшаў паняцці»

Прэзідэнт ЗША заяўляў, што хоча атрымаць ад Украіны рэдказямельныя металы на суму, эквівалентную 500 млрд даляраў. Аднак уся здабыча такіх выкапняў у свеце ацэньваецца на 15 млрд даляраў за год, прыводзіць звесткі Блас. Адпаведна, нават калі б Украіна змагла вырабляць пятую частку ўсіх рэдказямельных элементаў у свеце, для дасягнення мэт Трампа «ЗША трэба будзе забяспечыць 150 з лішнім гадоў здабычы ва Украіне».

У сувязі з гэтым ён дапусціў, што прэзідэнт ЗША мог памыліцца і «рэдказямельнымі элементамі» называе «крытычна важныя мінералы». Аднак з такіх Украіна валодае толькі прамысловымі руднікамі тытана і галію, але і «яны дакладна не каштуюць заяўленых Трампам 500 мільярдаў даляраў», мяркуе Блас.

Падпісаць угоду па рэдказямельных металах Трампу прапанаваў сам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў лістападзе 2024 года. У лютым Кіеў перадаў кіраўніку Мінфіна ЗША Скату Бэсэнту «пагадненне аб партнёрстве», якое мела на ўвазе магчымасць супольнай здабычы такога віду карысных выкапняў ва Украіне з правам ЗША атрымаць прыярытэтны доступ да радовішчаў. Сам Бэсэнт на сустрэчы ў Кіеве 12 лютага заявіў, што Вашынгтон хоча падпісаць эканамічнае пагадненне з Украінай у абмен на працяг «матэрыяльнай падтрымкі ўкраінскаму народу» з боку ЗША.

Прапанова адміністрацыі Дональда Трампа Украіне аб доступе да рэдказямельных металаў выходзіла далёка за межы здабычы мінералаў, а ахоплівала нафту, газ, парты і іншую інфраструктуру, напісала 17 лютага выданне The Daily Telegraph са спасылкай на праект прапановы. Умовы, выстаўленыя ЗША, «раўназначныя эканамічнай каланізацыі Украіны з боку ЗША» і «маюць на ўвазе цяжар рэпарацый, якія немагчыма выканаць», піша газета.

Адпаведна з дамовай, адміністрацыя Трамп хацела, каб ЗША забіралі палову існых даходаў Украінай ад здабычы рэсурсаў, а таксама палову ад кошту «ўсіх новых ліцэнзій (на здабычу рэсурсаў. - Рэд.), выдадзеных трэцім асобам». На такія даходы будзе распаўсюджвацца залогавае права ЗША. «Гэты пункт азначае - «спачатку заплаціце нам, а потым карміце сваіх дзяцей», - растлумачыла газеце адна з крыніц, блізкая да перамоў.

Зяленскі адмовіўся падпісваць дакумент, растлумачыўшы, што ў ім няма «канкрэтных рэчаў аб гарантыях бяспекі». «Гэта інвестыцыя, калі ўсё гэта звязанае з гарантыямі бяспекі. Я пакуль не бачу гэтай сувязі ў дакуменце», - заявіў ён. Вашынгтон палічыў «блізарукай» такую пастанову Зяленскага, паведаміла 17 лютага AP са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка Белага дома.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках