СМІ: У Курскай вобласці загінулі дзясяткі расейскіх жаўнераў тэрміновай службы
7- 20.02.2025, 18:44
- 8,928

Ёсць імёны загінулых вайскоўцаў.
У Курскай вобласці пасля пачатку наступлення УСУ ў жніўні мінулага года загінулі не менш як 25 расейскіх жаўнераў тэрміновай службы. Такія звесткі прыводзіць «Вёрстка» на аснове адкрытых крыніц - паведамленняў СМІ і апублікаваных у сацсетках некралогаў.
Згодна з гэтымі паведамленнямі, усе жаўнеры тэрміновай службы загінулі ў першыя дні і тыдні пасля пачатку ўкраінскай аперацыі, у жніўні-верасні 2024 года. Аб многіх смерцях, аднак, паведамілі толькі нядаўна.
Сярэдні ўзрост загінулых - 20 гадоў, сярод іх былі ў тым ліку 18-гадовыя, толькі нядаўна прызваныя на службу.
«Вёрстка» прыводзіць імёны 10 вайскоўцаў, пра гібель якіх раней не паведамлялася ў СМІ. Тэрмінавікі былі набраныя на службу з 18 розных рэгіёнаў. Больш за ўсё сярод загінулых ураджэнцаў Валагодскай вобласці і Краснадарскага краю - па тры чалавекі.
Аб тым, што вайскоўцы-тэрмінавікі былі размешчаныя ў Курскай вобласці і патрапілі пад удар надыходзячых украінскіх войск, паведамлялі яшчэ ў жніўні як украінскія ваяры, так і расейскія праваенныя блогеры. Сотні жаўнераў тэрміновай службы трапілі ў палон, у выніку абменаў палоннымі, відавочна, большая іх частка была вернутая ў Расею.