Брусэль: Украіна - гэта дэмакратыя, а пуцінская Расея – не
8- 20.02.2025, 19:50
- 5,218

ЕЗ працягне падтрымліваць Украіну і ўзмоцніць санкцыі супраць РФ.
Еўракамісія пракаментавала слоўную атаку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і ўкраінскія дэмакратычныя інстытуты. «У нас ёсць дакладная і ясная пазіцыя ў гэтым пытанні: прэзідэнт Зяленскі быў законна абраны на свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбарах. Украіна - гэта дэмакратыя, а пуцінская Расея - не», - заявіў афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай камісіі Стэфан дэ Керсмекер на брыфінгу ў Брусэлі ў чацвер, 20 лютага.
На знак падтрымкі Украіны ў яе барацьбе супраць расейскай агрэсіі і на фоне нарастаючых нападак з боку новай адміністрацыі прэзідэнта ЗША і самога Трампа, Еўракамісія наведае Кіеў у трэція ўгодкі поўнамаштабнага ўварвання РФ. 24 лютага ў сталіцу Украіны таксама прыедзе кіраўнік Еўрапейскай рады Антоніу Кошта і прэм'ер-міністр Гішпаніі Пэдра Санчэс.
У той жа дзень Еўразвяз мае намер прыняць 16-ы пакет санкцый супраць Расеі за яе вайну супраць Украіны. Яго зацвердзяць міністры замежных спраў краін ЕЗ на пасяджэнні ў Брусэлі. У новы пакет увойдуць такія захады, як забарона на імпарт алюмінію, адключэнне ад SWIFT трынаццаці расейскіх банкаў, забарона на аперацыі з адзінаццаццю партамі і аэрапортамі ў Расеі ў абыход столі коштаў нафты, санкцыі супраць 73 суднаў «ценявога флоту» РФ, прыпыненне ліцэнзій на вяшчанне ў ЕЗ васьмі расейскіх СМІ і іншыя захады.