Па ўсёй Расеі за год зачынілі 160 лякарняў, каб зэканоміць грошы на вайну
12- 20.02.2025, 21:56
- 4,356

Лідарам у ліквідацыі ўстановаў аховы здароўя стала Маскоўская вобласць.
Расейскія ўлады запусцілі новую хвалю «аптымізацыі» ў ахове здароўя на фоне скарачэння медыцынскіх выдаткаў бюджэту, у якім кожны трэці рубель ідзе на войска і вайну.
Паводле вынікаў 2024 года ў розных суб'ектах РФ былі ліквідаваныя не менш за 160 дзяржаўных лякарняў, клінік, медпунктаў, дыспансераў, радзільняў і іншых медыцынскіх установаў, падлічылі The Moscow Times на падставе загадаў рэгіянальных Міністэрстваў аховы здароўя і паведамленняў чыноўнікаў.
Тэмпы закрыцця лякарняў у параўнанні з папярэднімі гадамі павялічыліся больш як у 5 разоў: так, паводле звестак Падліковай палаты, з 2021 да кастрычніка 2023 у Расеі зачынілі 88 лякарняў, гэта значыць у сярэднім блізу 30 за год.
Часцей за ўсё летась зачынялі вясковыя медыцынскія ўстановы. Так, спынілі працу 25 раённых і міжраённых лякарняў, якія абслугоўвалі сотні чалавек з размешчаных вакол невялікіх населеных пунктаў. Таксама былі ліквідаваныя як мінімум 15 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і сельскіх амбулаторый.
Нягледзячы на заклікі Уладзіміра Пуціна нараджаць 8 дзяцей і «год сям'і», абвешчаны Крамлём, за год па ўсёй краіне зачыніліся 18 радзільняў, перынатальных цэнтраў і гінекалагічных аддзяленняў. Таксама пад ліквідацыю трапілі 10 дзіцячых клінік і аддзяленняў, чатыры з іх – у Калінінградскай вобласці, у тым ліку аддзяленне дзіцячай МРТ і хірургіі.
Рэгіёнамі – лідарамі ў ліквідацыі ўстановаў аховы здароўя сталі Маскоўская вобласць (20), Дагестан (10) і Кемераўская вобласць (10).
У апошняй, як высветлілі The Moscow Times, былі зачыненыя дзве гарадскія лякарні – клінічная і інфекцыйная, кругласутачны стацыянар цэнтра рэабілітацыі, скурна-венералагічны і псіханеўралагічны дыспансеры і 5 стаматалогій. Рэальная колькасць зачыненых установаў у вобласці можа быць вышэйшай. Сяргей Цывілёў, якога называюць зяцем прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, год таму ў бытнасць губернатарам Кемераўскай вобласці (з траўня 2024 года прызначаны міністрам энэргетыкі), загадаў ліквідаваць усе паліклінікі, размешчаныя на першых паверхах жылых дамоў. Іх дакладная колькасць невядомая, таму ў агульны лік зачыненых медустановаў яны не ўключаныя.
У Дагестане зачынілася найбольшая колькасць буйных шматпрофільных лякарняў. Тут ліквідавалі 4 цэнтральныя раённыя лякарні, 4 участковыя лякарні і яшчэ 2 сельскія медпункты. Адразу ў некалькіх буйных сёлах рэспублікі, дзе пражываюць да 10 тысячаў чалавек, участковыя лякарні пераўтварылі ў лячэбныя амбулаторыі без кругласутачнага стацыянара, а ў некалькіх – поўнасцю зачынілі і іх жыхарам даводзіцца дабірацца да лякарняў 20–30 км.
У Маскоўскай вобласці чыноўнікі за год «рэарганізавалі» 20 медустановаў, у тым ліку 14 стаматалагічных клінік. Большая частка зачыненых клінік працавала ў гарадах з насельніцтвам менш за 100 тысячаў чалавек, іх далучылі да стаматалогій у Каралёве, Краснагорску і Дамадзедаве.
Гучны скандал выклікала закрыццё адзінай лякарні ў Электрагорску (насельніцтва блізу 30 тысячаў чалавек), якая працавала ў горадзе больш за 100 гадоў. Пацыентам прапанавалі лячыцца ў размешчаным за 25 км Паўлаўскім Пасадзе. Жыхары запісалі відэазварот да Пуціна і губернатара Падмаскоўя Вараб'ёва і склалі петыцыю, пад якой падпісаліся больш за 17 тысячаў чалавек.
«Гэтыя аптымізатары дабраліся да нашай, падкрэслю, адзінай лякарні ў горадзе. Людзей перасталі шпіталізаваць у стацыянары, паказваючы, што няма напаўняльнасці аддзяленняў. Як вынік зачынілі аддзяленне рэанімацыі. Добрыя спецыялісты анэстэзіёлагі-рэаніматолагі былі вымушаныя звольніцца са сваіх месцаў. Без аддзялення рэанімацыі немагчымае правядзенне аперацый. Як вынік – скарачэнне койка-месцаў і супрацоўнікаў», – гаварылася ў звароце.
Уладальнік прыватнага медцэнтра ў Падмаскоўі мяркуе, што дзяржаўныя медустановы зачыняюцца ў тым ліку праз канкурэнцыю з прыватнымі клінікамі. «У рэгіёне вельмі шмат прыватных клінік, ёсць прыватная хуткая дапамога. Мы нават не канкуруем з дзяржаўнымі лякарнямі, хутчэй з іншымі камерцыйнымі кампаніямі. Пры гэтым у нас заробкі для лекараў вышэйшыя, умовы лепшыя, так што пацыенты больш ахвотна ідуць да нас, калі ёсць магчымасць», – тлумачыць суразмоўца The Moscow Times.
Хваля «аптымізацыі» пракацілася па рэгіянальных шпіталях пасля рэзкага скарачэння выдаткаў на нацпраект «Ахова здароўя», з дапамогай якога Пуцін у 2018 годзе абяцаў павялічыць сярэднюю даўжыню жыцця расейцаў да 80 гадоў. У 2024 годзе выдаткі бюджэту на праект былі зрэзаныя на 10% – з 321,3 да 289,9 млрд рублёў. Фінансаванне федэральнага праекту «Мадэрнізацыя першаснага звяна аховы здароўя», было зменшанае на 14%, фінансаванне дзіцячай медыцыны – удвая, а першаснай меддапамогі – на 20%.
На 2025-ы год урад заклаў у бюджэт далейшы секвестр выдаткаў у шэрагу медыцынскіх федрапраектаў: напрыклад, праект «Развіццё інфраструктуры аховы здароўя» сціснецца на траціну – з 58,7 млрд да 36,4 млрд рублёў, а праект «Барацьба з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі» страціць кожны другі рубель: сёлета на яго заклалі 11,5 млрд рублёў супраць 20,4 млрд рублёў год таму.