Reuters: Расея і ЗША ўжо некалькі месяцаў вядуць таемныя перамовы ў Швайцарыі
10- 21.02.2025, 10:41
- 13,276

Адна з такіх сустрэч прайшла на мінулым тыдні.
У апошнія месяцы прадстаўнікі ЗША і Расеі таемна сустракаліся ў Швайцарыі для неафіцыйных абмеркаванняў вайны ва Украіне.
Адна з такіх сустрэч прайшла на мінулым тыдні. Пра гэта агенцтву Reuters паведамілі тры дасведчаныя крыніцы.
Крыніцы апісалі перамовы як пабочны канал. Сустрэчы пачаліся яшчэ ў лістападзе, пасля перамогі Дональда Трампа на выбарах, піша агенцтва.
Імёны ўдзельнікаў гэтых перамоў суразмоўцы адмовіліся назваць Reuters, але адзначылі, што тыя не з'яўляюцца дзяржаўнымі службоўцамі і пакуль не зразумела, ці былі яны дэлегаваны іх урадамі. Але, прынамсі, невялікая колькасць дарадцаў Трампа ў курсе гэтых сустрэч.
Многія іншыя дэталі застаюцца незразумелымі, у тым ліку парадак дня, прысутнасць на іх украінцаў і дакладны час пачатку сустрэч. Аднак яны сведчаць аб закулісных намаганнях ЗША і Расеі ў вывучэнні шляхоў спынення вайны, нягледзячы на практычна поўнае спыненне афіцыйных кантактаў за папярэднікам Трампа, былым прэзідэнтам Джо Байдэнам, піша Reuters.