«Знішчылі два палкі расейцаў»
- 21.02.2025, 17:59
- 4,810

Баец УСУ распавёў, як у 2022 годзе Украіна двойчы спрабавала вызваліць Запарожскую АЭС.
Украінскія вайскоўцы ўлетку і ўвосень 2022 года здзейснілі тры высадкі ў Энэргадары і спрабавалі вярнуць пад кантроль Украіны Запарожскую атамную электрастанцыю.
Пра гэта «Радыё Свабода» ў пятніцу, 21 лютага, распавёў камандзір групы выведкі падраздзялення спецпрызначэння «Артан» Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны з пазыўным «Боб».
Як расказаў выданню вайсковы, яны дэталёва рыхтаваліся да такой спецаперацыі. З яго слоў, у той час у Энэргадары актыўна працавала агентурная сетка, зрэшты, мясцовыя жыхары перадавалі ўкраінскім вайскоўцам звесткі аб месцах размяшчэння акупантаў і тэхнікі.
«У нас быў свой аддзел, які займаўся з намі на этапе падрыхтоўкі да гэтай аперацыі. Быў падбор плыўсродкаў, бо плыўсродкаў у той час вельмі бракавала. Можна сказаць, што бралі розныя плыўсродкі, рыхтавалі іх і ўжо выходзілі тады на ваду. Ну і, канешне, трэніроўкі. У нас падрыхтоўчы этап доўжыўся паўтара месяца», - распавядае баец з пазыўным «Боб».
Вайсковец таксама расказвае, што байцы Сіл абароны, рыхтуючыся да высадкі ў Энэргадары, планавалі падрыхтаваць плацдарм, які б у далейшым выкарыстоўвалі для контрнаступлення на Запарожскім кірунку. Ён дадаў, што першая спроба высадкі ў Энэргадары не ўдалася.
«Гэта была сукупнасць мерапрыемстваў. Мы ніколі не можам быць на 100% упэўненымі, што ўсё пойдзе, як запланавана. Пры высадцы ў нас два катары падарваліся на супрацьлодкавых мінах. Праз гэта ўжо трэба было мяняць пункт [уладкавання плацдарму], бо мы пачалі адыходзіць. Пачаўся адкат праз тое, што некаторыя плыўсродкі былі знішчаныя», - кажа ўкраінскі баец.
Калі акупанты зразумелі, што ўкраінскія вайскоўцы спрабуюць высадзіцца - падцягнулі 7-9 тысяч асабовага складу.
«Мы сутыкнуліся з супраціўнікам, у якога тэхнічныя сродкі выведкі лепшыя, чым у нас. Яны ў іх развіваюцца. Гэта моцны вораг, і сродкаў у іх значна больш, чым у нас. Можна перамагчы яго толькі такім падыходам, калі гэта будзе ўсё вельмі і вельмі добра спланавана», - мяркуе «Боб».
Затым украінскія вайскоўцы пачалі рыхтавацца да наступных аперацый. Адна з іх была ажыццёўленая ў сяло Іванаўку каля Энэргадара. Ён дадаў, што калі браць агулам энэргадарскую аперацыю, то за ўвесь час было знішчана блізу двух палкоў расейцаў.
Як дадаў «Боб», трэцяя высадка была больш дэманстрацыйнай. Расейскія акупанты ўсведамлялі, што Сілы абароны не пакідалі намеру высадзіцца каля Запарожскай АЭС.
«Мэта была дасягнутая - на Запарожскім кірунку былі адведзеныя войскі супраціўніка ў кірунку Энэргадара», - адзначыў ён.
Са слоў «Боба», акупанты карыстаюцца тым, што на Запарожскай АЭС ёсць падрыхтаваныя хованкі, комплекс бункерных памяшканняў, а таксама іншыя добра ўмацаваныя аб'екты. Ён мяркуе, што дэакупаваць ЗАЭС зараз магчыма шляхам блакавання лагістыкі акупантаў, а не наўпроставым штурмам.