У Нямеччыне затрыманы расеец паводле падазрэння ў падрыхтоўцы тэракту
- 21.02.2025, 19:39
- 4,956

Ён планаваў нападзенне на пасольства Ізраіля ў Берліне.
Ва ўсходненямецкай федэральнай зямлі Брандэнбург, якая мяжуе з Берлінам, быў арыштаваны 18-гадовы грамадзянін Расеі паводле падазрэння ў падрыхтоўцы цяжкага гвалтоўнага дзеяння з палітычных матываў, які ўяўляе сабой пагрозу дзяржаве. Пра гэта паведамляе ў пятніцу, 21 лютага, паліцыя Брандэнбурга, цытуе DW.
Агенцтва AFP удакладняе, што затрыманне падазраванага было праведзенае напярэдадні, 20 лютага, у зямельнай акрузе Даме-Шпрэевальд пры ўдзеле федэральнай паліцыі, супрацоўнікаў зямельнага ведамства ў крымінальных справах Брандэнбурга, паліцыі Берліна і спецназа. 21 лютага адміністрацыйны суд у горадзе Брандэнбургу-на-Хафелі выдаў ордэр на яго арышт.
Між тым сталічная газета Der Tagesspiegel піша, што мужчына быў затрыманы ў сталічным аэрапорце Берлін-Брандэнбург імя Вілі Брандта пры спробе пакінуць краіну. Пры гэтым канчаткова з'язджаць з Нямеччыны ён не меў намеру, мяркуюць журналісты.
Паводле інфармацыі газеты, гаворка ідзе пра ўраджэнца Чачэніі, які жыў у Патсдаме, а мэтай яго нападу, абгрунтаванага ісламісцкімі матывамі, павінна было стаць пасольства Ізраіля ў Берліне. Аналагічную інфармацыю распаўсюдзіла агенцтва dpa са спасылкай на крыніцы ў службах бяспекі.
«Паводле звестак следства, за мяжой чачэнец хацеў аднавіць падрыхтоўку да нападу і набыць неабходныя для гэтага сродкі», - гаворыцца ў артыкуле Der Tagesspiegel. Мяркуючы з усяго, раней ён не трапляў у поле зроку паліцыі ў сувязі з датычнасцю да гвалтоўных злачынстваў.
Амбасада Ізраіля да моманту публікацыі не прадставіла афіцыйнага каментара на гэтую тэму.